Брэсцкі мастак зрабіў свечку ў форме бюста Лукашэнкі
Брэсцкі мастак Ілля Дудараў стварыў 18-сантыметровую араматычную свечку ў форме бюста Аляксандра Лукашэнкі.
Араматычная свяча стала працягам творчага праекта, якому майстар прысвячае ўвесь свой вольны час: некалькі месяцаў таму Ілля Дудараў вырашыў зрабіць калекцыю бюстаў Аляксандра Лукашэнкі.
— Я хацеў іх пасля падарыць нашым чыноўнікам, у якасці стымулятара працаздольнасці. Там у яго суровы погляд. На бюст глядзіш — і адразу хочацца працаваць, — смяецца аўтар работ.
Цяпер у калекцыі мастака — каля 10 гіпсавых бюстаў кіраўніка дзяржавы вышынёй 18 сантыметраў.
— З гіпсу мне не вельмі падабаюцца. Я думаў, які яшчэ матэрыял можна выкарыстоўваць. Вось, паспрабаваў адліць у выглядзе свечак. Цяпер яшчэ хачу «вадкі камень» выкарыстоўваць, — распавёў Ілля.
Для вырабу свечкі майстар выкарыстаў тую ж сіліконавую форму, што і для гіпсавых бюстаў. Таму выраб атрымаўся такой жа формы і памеру, але з араматызатарамі. Парафінавы бюст пахне абрыкосам і імбірам.
— Свечка смачна пахне. Адразу пачынаеш любіць Беларусь, — смяецца аўтар.
Па словах Іллі, чыноўнікам ён пакуль бюсты не ўручаў. Вынікам сваіх работ ён дзеліцца з падпісантамі ў сацсетках. Як патлумачыў аўтар, да яго ўжо звярталіся з пытаннямі набыцця, але пакуль вырабы ён не прадае: ні гіпсавыя, ні парафінавыя: «Я мэты зарабіць на гэтым не пераследую».
tut.by