Бог казаў, каб ты дапамог…
Калісьці Аляксандр Лукашэнка папярэджваў Уладзіміра Пуціна, што беларускія інтарэсы ва Украіне яму даражэйшыя за расійскія. І ён спраўджвае гэтыя словы.
Беларусь і Украіна маюць намер умацоўваць эканамічнае супрацоўніцтва і ўстараняць бар’еры ва ўзаемным гандлі, паведаміла ў панядзелак прэс-служба беларускага МЗС па выніках праведзеных ва ўкраінскай сталіцы двухбаковых кансультацый.
«Бакі дамовіліся ўмацоўваць двухбаковае эканамічнае супрацоўніцтва, усяляк спрыяць развіццю ўзаемнага гандлю, пашыраць пастаўкі на рынкі дзвюх краін прадукцыі беларускіх і ўкраінскіх вытворцаў», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы. Па выніках сустрэчы было прынята сумеснае рашэнне прадоўжыць актыўную працу па зняцці бар’ераў і абмежаванняў ва ўзаемным гандлі, стварэнню спрыяльных умоў для шматпланавага супрацоўніцтва дзелавых колаў Беларусі і Украіны.
Што стаіць за «пратакольнымі» словамі? За імі стаіць вызнанне Беларусі — ніякая асацыяцыя Украіны з ЕС не перашкаджае нашаму супрацоўніцтву, што б там ні казалі ў Крамлі. Мы маем намер спыняць усялякія «гандлёвыя скандалы» з цукеркамі і півам з нашага боку, і запалкамі і трубапракатам з украінскага. І надалей працягваем супрацоўніцтва.
Варта зазначыць ва ўзаемным гандлі адну пазіцыю. Аб'ём экспарту нафтапрадуктаў з Беларусі ва Украіну ў 2014 годзе склаў амаль два з паловай мільёны долараў — гэта на 10,9% больш, чым у 2013-м і чвэрць выручкі ад продажу усіх нафтапрадуктаў ва ўсе краіны свету. Беларусь стала найбуйнейшым, а з лістапада — адзіным пастаўшчыком авіяцыйнага паліва ва Украіну. Пастаўкі авіяпаліва з Беларусі ў студзені-лістападзе выраслі на 76%. У гэтым годзе толькі за студзень мы паставілі Украіне 235 тысяч тон нафтапрадуктаў, тады як Расіі — 102 тысяч тон.
А гэта азначае, што мы наўпрост змагаемся з сепаратыстамі ў зоне АТА пад Данецкам. На нашым паліве ездзяць украінскія танкі і бронемашыны, і мы запраўляем украінскія самалёты.
Дарэчы, там жа ездзіць і нашая тэхніка. У інтэрнэце прайшла навіна, што беларусы на Данбасе атрымалі ад валанцёраў новы аўтамабіль для АТА. Машына пад назвай «Булат» ужо прайшла баявую абкатку, паведамляюць беларускія добраахвотнікі на сваёй старонцы ў Фэйсбук.
Асабліва прыемна, што мы дапамагаем Украіне, калі нам самім нялёгка. Прынамсі, «заробак у 500 долараў па краіне» ўжо скончыўся.
Згодна з дадзенымі Белстата, у лютым сярэдні заробак у Беларусі ледзь перавысіў 400 долараў. Намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата работнікаў Рэспублікі Беларусь у студзені-лютым 2015 года склала 6 мільёнаў 69,8 тысячы рублёў. Рэальная ж заработная плата (зарплата, разлічаная з улікам росту спажывецкіх цэн на тавары і паслугі) у студзені-лютым 2015 года ў параўнанні са студзенем-лютым 2014-га зменшылася на 3,2%.
Тут бы беларускаму кіраўніцтву і час задумацца, што б такое новае стварыць, каб яно добра прадавалася, і людзі занятыя былі. Аднак ні пра што такое прыемнае яно не думае. Наадварот, прэм’ер-міністр Кабякоў заняўся тым, што абяцаў Аляксандр Лукашэнка яшчэ 20 год таму, у 1994-м годзе — «запускае заводы». Прэм’ер запатрабаваў ад канцэрна «Беллегпрам» і падведамных яму прадпрыемстваў вярнуць айчынны рынак.
«Уласны рынак лёгкая прамысловасць Беларусі аддала нашым партнёрам, суседзям і вельмі далёкім ад нас краінам. Нягледзячы на тое, што ў іх такая няпростая лагістыка, тым не менш, яны з'яўляюцца дастаткова канкурэнтнымі», — канстатаваў прэм’ер на пасяджэнні Саўміна РБ. «Заўсёды трэба думаць пра тое, як прадаваць там, дзе ты непасрэдна вырабляеш. Калі не зможаш працаваць у сябе, то, натуральна, вынік на знешніх рынках не будзе лепш», — падкрэсліў Кабякоў.
А як прадаць на ўнутраным рынку? Не ведаю, колькі спецыялісты канцэрна чухалі патыліцу, але вырашылі звярнуцца па дапамогу да тых, каго яны «душылі-душылі» і абзывалі несумленнымі канкурэнтамі.
«Мы запрашаем індывідуальных прадпрымальнікаў за круглы стол, хацелі б правесці нармальны дыялог. Тут пазіцыя павінна быць узаемнай павагі і разумення, што ў кожнага свой бізнес», — адзначыў Яфімчык. На яго думку, дзейнасць усіх удзельнікаў рынку павінна быць празрыстай, ні ў каго з іх не павінна быць асаблівых пераваг. «Усе павінны быць у роўных умовах, і я думаю, што мы знойдзем агульную мову, калі людзі будуць хацець гэта зрабіць», — падкрэсліў старшыня канцэрна Мікалай Яфімчык пасля цырымоніі адкрыцця XXXVI Міжнароднай выставы-кірмашу «БелТЭКСлегпрам. Вясна».
Яфімчык канстатаваў, што многія прадпрымальнікі, асабліва сярэдні і буйны бізнес, згодныя з неабходнасцю рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі толькі тых тавараў лёгкай прамысловасці, якасць якіх адпавядае тэхнічным рэгламентам Мытнага саюза. «Яны згодныя, таму што нельга ўвозіць і прадаваць нашаму народу тое, што не адпавядае разуменню нармальнага тавару», — адзначыў ён.
Пакуль што «разуменню нармальнага тавару» не адпавядае менавіта прадукцыя канцэрну «Беллегпрам». Яна ўжо даўно асацыюецца ў пакупніка з фразай «дрэнная якасць за шалёныя грошы». А калі няма якасці, ніякія «роўныя ўмовы» не дапамогуць.
На заканчэнне, як заўсёды, добрая навіна. Аб’явы і навіны на сайтах некаторых мінскіх школ сталі пісаць толькі па-беларуску. Як распавяла Радыё «Свабода» адна з настаўніц, дырэктар школы загадала пісаць усё навіны і паведамленні на сайце толькі па-беларуску. Журналісты знайшлі, зменшага, шэсць школ, дзе ўжо больш за тыдзень навіны школы публікуюцца на беларускай мове.
Ва ўпраўленні адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Фрунзенскага раёна не пацвердзілі інфармацыі аб беларусізацыі сайтаў школ. «Такога загаду не было і не можа быць, — распавяла начальнік упраўлення Ірына Чарняўская. — У нас дзве дзяржаўныя мовы — руская і беларуская». Але такую ініцыятыву можна толькі вітаць.