Беларускага шпіёна ў Літве цікавілі самалёты ЗША
Генштаб Узброеных Сіл Беларусі цікавіўся амерыканскімі самалётамі, што прызямліліся ў Вільні.
Пра гэта распавёў абвінавачаны ў шпіянажы былы супрацоўнік авіяадыспетчарскай кампаніі Oro navigacija, грамадзянін Літвы Рамуальд Ліпскі. Ён распавёў суду, што афіцэр Галоўнай разведвальнай
управы (ГРУ) Генштаба Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь Сяргей Куруленка прасіў яго даведацца аб нумарах амерыканскіх самалётаў, якія прызямляюцца ў Віленскім аэрапорце, паведамляе DELFI.lt са
спасылкай на інфармацыйнае агенцтва BNS.
Ліпскі сцвярджае, што пазнаёміўся з Куруленкам прыблізна ў 2009-2010 гадах на семінары для страхавання ў гатэлі Villon. Больш чым як праз паўтара года Куруленка аднавіў знаёмства, спачатку ён
прасіў дапамогі ў справах, а пазней прасіў дапамагчы працаўладкавацца ў аэрапорце.
Абвінавачаны распавёў, што Куруленка яго шантажаваў, што ён нібыта таемна запісаў іх размову ў кавярні і пагражаў, што калі не атрымае сакрэтнай інфармацыі, то Ліпскі пазбавіцца працы ў
аэрапорце. Службовыя асобы зафіксавалі, як Куруленка перадаў Ліпскаму 150 літаў.
Супрацоўнік Oro navigacija, які знаходзіўся пад ціскам Куруленкі, паведаміў, што сфатаграфаваў праекты, якія знаходзіліся ў трох тэчках: будынкі, якія будуюцца на шашы ў Эйшышкес, праект
каналізацыі і план рэканструкцыі ўзлётна-пасадачнай паласы.
"У ім не было ніякай сакрэтнай інфармацыі. Калі б я распавёў гэтую інфармацыю свайму сябру, а не беларусу, то не быў бы шпіёнам", - сказаў падсудны.
Нагадаем, Генпракуратура Літвы і Дэпартамент дзяржбяспекі ў лістападзе мінулага года паведамілі, што Ліпскаму выстаўленыя абвінавачванні ў шпіянажы на карысць Беларусі. Для разгляду ў судзе былі
перададзеныя сем тамоў справы, у іх 1,3 тысячы дакументаў і 26 носьбітаў з рознымі відэа- і аўдыёзапісамі.
Генпракуратура сцвярджае, што падазраваны, які працаваў на той момант у дыспетчарскай кампаніі Oro navigacija, у сваім кабінеце таемна фатаграфаваў дакументы ды іншыя аб'екты, якія
знаходзіліся там і перадаваў іх галоўнай разведвальнай управе Генштаба Узброеных сіл (УС) Рэспублікі Беларусь. Яму выстаўленыя абвінавачванні ў шпіянажы, за гэта пагражае пазбаўленне волі тэрмінам ад
3 да 15 гадоў. Ліпскі сваю віну адмаўляе.
Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы таксама паведамляў, што Куруленка завербаваў у Літве двух агентаў: акрамя Ліпскага інфармацыю яму падаваў парамедык узброеных сіл Літвы Андрэй Ашуркаў. Ён таксама
абвінавачваецца ў шпіянажы і з'яўляецца падсудным.
DELFI.lt