Беларуска-шведскі праект для людзей са слабым зрокам
На Берасцейшчыне падыходзіць да завяршэння беларуска-шведскі праект для людзей, якія маюць праблемы са зрокам. Мэтаю праекту стала дапамога людзям з абмежаванымі магчымасцямі арыентавацца ў прасторы з дапамогаю сучасных праграм і тэхнікі.
Прадстаўнік Беларускага таварыства інвалідаў па зроку Андрэй Лявіцкі распавёў пра асноўныя вынікі праграмы:
— Людзі, якія працуюць з аперацыйнай сістэмай Apple, ужо выканалі свой план. Але на гэтым спыняцца не будзем. Будзем далей ствараць маршруты. Што тычыцца групы, якая працуе з аперацыйнай сістэмай Android, то яны яшчэ працягваюць працу. Думаю, да лістапада мы завершым работу па Берасцейскай вобласці.
Праект «Мабільнасць невідушчых і слабавідушчых людзей у Рэспубліцы Беларусь» дапамагае арыентавацца на вуліцах з дапамогай гукавай GPS-навігацыі. Ініцыятыва рэалізацыі такой праграмы на беларускай тэрыторыі належыць берасцейскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку і шведска-фінскай вышэйшай народнай школе «Svefi».