Біёграфы Пуціна: Ён імітуе вар’яцтва, як калісьці Ніксан

15 гадоў даследчыкі амерыканскага інстытуту Брукінгса Фіёна Гіл і Кліфард Гэдзі збіралі факты сапраўднай біяграфіі Уладзімера Пуціна. 



2de54c2d_6268_4d3f_96a7_7d7880879266_cx0_cy11_cw62_mw1024_s_n_r1.jpg

Днямі ў Вашынгтоне яны прадставілі абноўленае выданне кнігі «Спадар Пуцін — аператыўнік у Крамлі». Пра высновы даследчыкаў распавядае Голас Амерыкі.

Ужо 15 гадоў Фіёна Гіл і Кліфард Гэдзі выконваюць працу Папялушкі — зерне за зернем адбіраючы праўду з хлусні ў біяграфіі Уладзімера Пуціна. Ужо другая кніга амерыканскіх навукоўцаў «Спадар Пуцін — апэратыўнік у Крамлі» — спроба напісаць не столькі партрэт, колькі інструкцыю да дзеянняў.

«Мы не прэтэндуем на ісціну, але мы сабралі ўсе звесткі, каб падвесці рысу пад тым, хто такі Пуцін. Разуменне, хто ён і як ён працуе, дае нам магчымасць зразумець, як дзейнічаць далей. Час ужо прыйшоў» — распавядае Фіёна Гіл.

«Пуцін падняўся на стратэгіі амерыканскага прэзідэнта Рычарда Ніксана — тэорыі вар’ята — ідэі, што ён настолькі непрадказальны, настолькі патэнцыйна небяспечны, што мы ніколі не ведаем, што ён збіраецца зрабіць. Пуцін таксама хоча трымаць нас у напружанні, каб мы спрабавалі прадказаць яго наступны крок. І гэта вялікая небяспека для нас, мы, інтэрпрэтуючы дзеянні Пуціна, чакаем, што ён будзе дзейнічаць пэўным чынам і ў большасці выпадкаў ён не дзейнічае так, як нам здаецца лагічным», — заўважае Гіл.

Менавіта таму, лічаць Фіёна Гіл і Кліфард Гэдзі, даваць Украіне смяротную зброю занадта рызыкоўна. Захад павінен усвядоміць сваю адказнасць і дзейнічаць больш разумна, бо, нягледзячы на канспірацыю, расійскі прэзыдэнт мае і свае слабыя бакі.

«Пуцін ніколі сам не задае пытанняў. Ён лічыць, што нішто іншае так добра не раскрывае чалавека, як пытанні, якія ён задае. Пытанні могуць паказаць, што ён ведае, а што не. Аднак гэтая тактыка з'яўляецца яго недахопам, таму што Пуцін не атрымлівае дастаткова інфармацыі з першых крыніцаў. Ён зусім не ведае нас, не ведае, як функцыянуе заходняе грамадства», — кажа даследчыца.

Удар па разліках Пуціна нанесла адзінства Захаду — ЗША і Еўразвязу — ва ўкраінскім пытанні. На гэтым, лічыць Фіёна Гіл, трэба будаваць далейшую стратэгію. І чым больш саюзнікаў будзе ў Захаду, тым цяжэй будзе Пуціну дзейнічаць паводле яго сцэнару.

«Нам патрэбна шматгранная стратэгія, якая прызнае некалькі паралельных рэальнасцяў. Адна з іх — Пуцін не адступіць і будзе ваяваць далей. Таму мы павінны знайсці іншыя метады, як з гэтым змагацца. Нам трэба глядзець шырэй, чым канфлікт ва Украіне. Пуцін асцерагацца небяспекаў з розных франтоў: палітычнага, эканамічнага і ў сферы міжнародных адносінаў. Мы павінны пераканаць Кітай, Турэччыну і многія іншыя краіны, якія маюць асаблівыя адносіны з Расіяй: тое, што робіць Расія, распальваючы вайну ў Украіне, — недапушчальна. І яны павінны працаваць з намі разам, каб паставіць пад пагрозу Расію, каб прымусіць яе адступіць», — адзначае Фіёна Гіл.

 

www.svaboda.org