Берасцейца замест суду даставілі з ізалятару ў лякарню
Удзельніка пратэстаў супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасці Канстанціна Астапука даставілі ў чыгуначны шпіталь Берасця, паведамляе Радыё Свабода.
Ад пятніцы Канстанцін Астапук знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрымання, пасля таго як быў затрыманы за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.
8 кастрычніка яго меліся судзіць, аднак замест суду завезлі ў лякарню.
«Кладуць мяне ў лякарню, бо пасля ізалятару баліць жывот. Два дні ў ізалятар да мяне прыяжджала „хуткая“, бо было дрэнна. Мусілі везці ў суд, але перадумалі, суд будзе паслязаўтра. Вінавацяць мяне і ў тым, што выступіў па ўсіх каналах супраць намесніка начальніка Ленінскага РАУС Мікалая Самасюка. Думаю, будуць помсціць, што я расказаў пра гутарку з ім», — кажа Канстанцін Астапук.
Пра «прафілактычную гутарку» з Мікалаем Самасюком Канстанцін Астапук расказваў прэсе 1 кастрычніка, пасля таго, як быў перанесены першы суд над ім і блогерам Сяргеем Пятрухіным за выхад на плошчу 30 верасня. Астапук кажа, што міліцэйскі начальнік яму пагражаў турмой.
Суд над Канстанцінам Астапуком за непадпарадкаванне міліцыі падчас затрымання на акцыі 30 верасня прызначаны на 10 кастрычніка а 9:30.
Сёння чакаюцца яшчэ суды над трыма пратэстоўцамі супраць акумулятарнага заводу ў Берасці.