«Белавія» мяняе нормы правозу ручной паклажы — кажуць, для камфорту пасажыраў

Новыя правілы правозу багажу ў «Белавія» — дрэнныя навіны для аматараў затарыцца ў Duty Free і ўзяць у салон вопратку ў дарожным чахле для адзення, адзначае «Люстэрка».

_samalety___turyzm____belavia__fota_lzmitryja_dzmitryeva_novy_czas__11__logo.jpg

Што мяняецца ў «Белавія»?

У прыватнасці, цяпер тавары з крамаў бяспошліннага гандлю Duty Free нельга будзе пранесці ў салон асобна — перад пасадкай іх давядзецца ўціснуць у ручную паклажу ці здаць у багаж, паведамілі ў прэс-службе кампаніі.

Новае правіла распаўсюджваецца не толькі на пакупкі ў крамах Duty Free, але і на партпледы (дарожныя чахлы для адзення) — з 15 траўня іх таксама нельга будзе перавозіць у дадатак да ручной паклажы: давядзецца альбо здаць у багаж, альбо схаваць у наяўную ручную паклажу. Аднак калі ручной паклажы ў пасажыра наогул няма, партплед можна будзе везці ў салоне.

Акрамя таго, ручную паклажу пачнуць маркіраваць рознакаляровымі біркамі — у залежнасці ад таго, куды яе трэба пакласці ў салоне.

Сінія этыкеткі прызначаны для валізак і вялікіх торбаў (вага — не больш за 10 кілаграмаў, габарыты не павінны перавышаць 55×40×25 см). Іх будуць размяшчаць на верхніх закрытых паліцах.

Зялёныя біркі будуць прычапляць на меншыя заплечнікі і жаночыя торбачкі (вага — да 5 кг, габарыты — 40×30×10 см). Іх таксама можна будзе змясціць на верхнюю паліцу ці ж, калі там няма месца, схаваць пад сядзенне наперадзе сябе.

У авіякампаніі патлумачылі новыя правілы не толькі міжнароднымі нормамі, але і «камфортам саміх пасажыраў» — каб аптымальна размеркаваць рэчы ў салоне і не перагружаць багажныя паліцы.