Беларусы спрабуюць сваімі сіламі выратаваць возера
Недалёка ад Мінска ёсць пасёлак Прывольны, у межах якога калісьці было тры невялікіх возера. Зараз два перасохлі цалкам, а трэцяе можа паўтарыць лёс двух папярэдніх. Мясцовыя жыхары пачалі біць трывогу даўно, аднак пакуль справа не зрушылася з мёртвай кропкі. Людзі спрабуюць падтрымаць жыццё вадаёма сваімі сіламі.

Сёння яны зладзілі вялікую прыборку. Паводле словаў удзельніка ініцыятыўнай групы Васіля, больш за пяць гадоў возера не папаўняецца вадой. Помпа ёсць, аднак закон не дазваляе скарыстацца ёй.
«Было тры возеры, пасля таго як помпа перастала падпампоўваць ваду, азёры пачалі гінуць, два ўжо мёртвыя, а гэтае возера пакрываецца цінай, глеем, ператвараецца ў балота. З правага берага ёсць падземная крыніца, якая сілкуе, але на гэтым усё», — распавядае Васіль.
Мужчына дадае, што пенсіянеры асобна б'юць трывогу ўжо пяты год, але гэта ні да чаго не прыводзіць. У нейкі момант аформілі петыцыю, аднак у выніку ўсё скончылася адпіскамі — папер сабралася шмат. Кажуць, гэта тэхналагічны вадаём і таму падсілкоўваць яго вадой няма сэнсу.
«А возера памірае», — кажа Васіль.
Ініцыятыўная група зʼявілася адносна нядаўна. Пачалі з прыборкі, на якую далі дабро. Але ў планах стварыць грамадскую прастору — з трэнажорамі, лавачкамі, амфітэатрам. Тут можна будзе бавіць час, пакуль жа тут ёсць школа з трэнажорамі трэцяй свежасці і баскетбольная пляцоўка з пяском.
Паводле onliner.by