Беларусы, якія затрымаліся ў кіеўскім аэрапорце, вяртаюцца дадому
Беларускія турысты, якія затрымаліся ў міжнародным аэрапорце Кіеў, вяртаюцца дадому, паведаміў БелаПАН намеснік дырэктара дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Беларусі Віталь Грыцэвіч.
«На гэты момант я не магу сказаць, што ўжо вярнуліся ўсе, але працэс ідзе, — адзначыў ён. — Мы на сувязі з нашым пасольствам у Кіеве і з нашымі ўкраінскімі калегамі. Пытанне, наколькі я ведаю, вырашаецца. Чарговыя вылеты быццам бы будуць яшчэ і заўтра».
Грыцэвіч не змог сказаць, колькі менавіта беларусаў не змаглі вылецець з аэрапорта Кіеў.
«Усе турысты ляцелі па пуцёўках украінскага тураператара „Аазіс”. У яго ў Беларусі нават няма прадстаўніцтва. Датэлефанавацца туды нерэальна, не бяруць трубкі», — сказаў ён.
Нагадаем, пра «сур’ёзныя складанасці» з вылетам беларускіх турыстаў з кіеўскага аэрапорта паведаміла Міністэрства замежных спраў Беларусі на сваёй старонцы ў «Твітары» 2 ліпеня. Адзначалася, што авіякампаніі Bravo Airways і Anda Air адмянілі палёты ў Алікантэ (Іспанія), Люблін (Польшча), Тырану (Албанія), Шарм-эль-Шэйх (Егіпет), Туніс. Акрамя таго, адбыліся затрымкі вылетаў у турэцкую Анталію і грузінскі Батумі. Bravo Airways усклала віну за сітуацыю, якая склалася, на кампанію Oasis Travel Ukraine. Паводле слоў прадстаўнікоў авіякампаніі, тураператар не разлічыўся з перавозчыкам за палёты: доўг дасягнуў мільёна долараў. У адказ тураператар заявіў, што парушэнне ў раскладзе авіяпералётаў з’яўляецца следствам дзеянняў і рашэнняў авіякампаніі. Паводле інфармацыі ўкраінскіх СМІ, затрымкі рэйсаў у аэрапорце Кіеў пачаліся 30 чэрвеня. З-за адмены альбо затрымкі рэйса не змаглі вылецець некалькі тысяч турыстаў.
Радыё Рацыя