Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці будзе дабівацца пажыццёвай забароны Баскаву на ўдзел у любых хакейных мерапрыемствах

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці (БФСС), які абараняе правы беларускіх атлетаў, ініцыяваў запыт наконт прыцягнення старшыні федэрацыі хакея Беларусі, члена выканкама НАК Дзмітрыя Баскава да дысцыплінарнай адказнасці па лініі Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF) і Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК). Адпаведныя заявы былі накіраваныя ў абедзве арганізацыі 1 снежня 2020 года.

Фота TUT.BY

Фота TUT.BY

«БФСС будзе дамагацца поўнай забароны Дзмітрыю Баскаву на прадстаўленне алімпійскага руху Беларусі і пажыццёвую забарону на ўдзел у любых хакейных мерапрыемствах», — гаворыцца ў прэс-рэлізе Фонду, які цытуе TUT.BY.

Нагадаем, што раней сведкі заявілі, што бачылі 11 лістапада на Плошчы Перамен чалавека, падобнага да Дзмітрыя Баскава. У той вечар быў зьбіты Раман Бандарэнка, на наступны дзень ён памёр у шпіталі. Пазней у сеціве з'явіўся запіс размовы, у якім два чалавекі з галасамі, падобнымі на галасы Дзмітрыя Баскава і Дзмітрыя Шакуты, абмяркоўвалі гэтую сітуацыю.

Магчымы ўдзел Баскава ў тым інцыдэнце і пры гэтым правядзенне чэмпіянату па хакеі 2021 года ў Беларусі выклікаў бурную рэакцыю ў самых папулярных еўрапейскіх СМІ.

Да прыкладу, вядомы шведскі журналіст Пер Бюрман напісаў калонку для вядучай шведскай газеты Aftonbladet, у якой заявіў:

«Абсалютна відавочна, што немагчыма праводзіць турнір у краіне,  дзе дзяржава тэрарызуе пратэстоўцаў, а кіраўнік федэрацыі хакея, па ўсёй верагоднасці, звязаны з карнікамі». У заходняй прэсе ўжо назвалі маючы адбыцца чэмпіянат «гульнёй замёрзлай крыві» (a game of frozen blood).

На лісты БФСС, у тым ліку датычныя Баскава, раней адрэагаваў і Міжнародны алімпійскі камітэт:

«З прычыны росту трывожных паведамленняў, якія тычацца спартсменаў, афіцыйных асоб і спорту ў Беларусі, выканкам МАК вырашыў ініцыяваць афіцыйную працэдуру з мэтай разгляду адпаведных мер або санкцый у дачыненні да НАК Рэспублікі Беларусь».

«Міжнародная супольнасць абураная выпадкамі парушэння правоў спартоўцаў у Беларусі, і любыя падазрэнні ў адрас функцыянераў такога ўзроўню, як Дзмітрый Баскаў, кідаюць цень і кампраметуюць увесь беларускі спорт, — заявіў выканаўчы дырэктар БФСС Аляксандр Апейкін. — Маўчанне НАК Беларусі, чакальная пазіцыя федэрацыі хакея Беларусі непрымальныя і дыскрэдытуюць не толькі беларускі спорт, але і рэспубліку ў цэлым. Баскаву няма месца ў спартыўным руху».