Беларусь адмяніла частку антысанкцый на тавары з Захаду

Улады Беларусі адмовіліся ад часткі прадуктовых антысанкцый у дачыненні да ЕС, ЗША і іншых краін. Гэта вынікае з пастановы Саўміна № 51 ад 27 студзеня.

Соль болей не пад антысанкцыямі

Соль болей не пад антысанкцыямі

Змены распаўсюджваюцца на соль і тавары, прызначаныя для вытворчасці дзіцячага, дашкольнага і школьнага харчавання, біялагічна актыўных дабавак да ежы, лекавых прэпаратаў, у тым ліку гамеапатычных, вітамінаў, мінералаў, вітамінна-мінеральных комплексаў, медыцынскіх вырабаў.

Цяпер пры ўвозе тавараў для вытворчасці дзіцячага, дашкольнага і школьнага харчавання трэба будзе пацвердзіць іх мэтавае прызначэнне.

Антысанкцыі ўводзіліся з 1 студзеня на паўгода, але, падобна, нешта пайшло не так.

Разам з тым у спіс санкцыйных краін трапілі Княства Ліхтэнштэйн і Сербія. Раней там апынуліся ЕС, ЗША, Канада, Нарвегія, Албанія, Ісландыя, Паўночная Македонія, Вялікабрытанія, Чарнагорыя і Швейцарыя.

Паводле «Еўрарадыё».