Беларусь абвінаваціла Прадстаўніцтва ААН у аплаце адвакатаў пратэстоўцам
Беларусь абвінаваціла Прадстаўніцтва ААН у краіне ў нямэтавым выкарыстанні сродкаў — а менавіта ў аплаце адвакатаў для 23 пратэстоўцаў за кошт грошай, выдзеленых для дапамогі людзям з інваліднасцю і ахвярам хатняга гвалту, вынікае з заявы пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі ў арганізацыі.
Паводле версіі беларускага боку, дарадца па правах чалавека ў офісе пастаяннага каардынатара ААН у Беларусі "ініцыяваў нямэтавае выкарыстанне фінансавых сродкаў УВКПЧ". Сродкі, пра якія ідзе гаворка, прызначаліся для юрыдычнай дапамогі людзям з інваліднасцю або пацярпелым ад хатняга гвалту.
Як сцвярджае беларускае прадстаўніцтва, двое супрацоўнікаў офіса ААН пры падтрымцы чыноўніка арганізацыі распрацавалі і рэалізавалі "незаконную схему аплаты паслуг адвакатаў" 23 беларускім грамадзянам, якія "не з'яўляюцца ні асобамі з абмежаванымі магчымасцямі, ні ахвярамі хатняга гвалту".
Гэтыя людзі, як піша прадстаўніцтва, "удзельнічалі ў супрацьзаконных пратэсных акцыях, накіраваных на падрыў дзяржаўнасці і звяржэнне дзеючай улады».
"Афармленне плацежных дакументаў ажыццяўлялася таемна, у абыход афіцыйна ўзгодненай дзейнасці, праз уцягнутага ў такую супрацьпраўную дзейнасць, з яго ўсвядомленага ведама, С. Драздоўскага, дырэктара "Офіса па правах людзей з інваліднасцю" і пры непасрэдным удзеле юрыста гэтай установы", — дадае ведамства.
Як удакладняе прадстаўніцтва, Драздоўскаму і яго супрацоўніку прад'явілі абвінавачанні ў махлярстве (частка 2 артыкула 209 КК).
"Пры гэтым С. Драздоўскі з улікам яго інваліднасці знаходзіўся пад хатнім арыштам. З 30 ліпеня 2021 г. у дачыненні да гэтых грамадзян мера стрымання змененая, яны знаходзяцца на волі", — удакладняе беларускі бок.
26 верасня міністр замежных спраў Уладзімір Макей у размове з Генеральным сакратаром ААН Антоніу Гутэрышам паабяцаў, што неўзабаве Беларусь апублікуе інфармацыю "аб тым, як некаторыя прадстаўнікі каманды ААН у Беларусі выкарыстоўвалі фінансавыя сродкі ААН, якія выдзяляюцца для людзей з інваліднасцю, на падтрымку ўдзельнікаў пратэсных акцый".
Паводле mediazona.by