Баранавіцкі актывіст хоча правесці ў выканкаме народны сход

Мерапрыемства Мікалай Чарнавус-старэйшы прапануе правесці 15 красавіка за ўласныя сродкі. Гарадскім уладам ён прапанаваў «забяспечыць яўку» прэзідэнта, кіраўнікоў выканкамаў і іншых асоб.

Мікалай Чарнавус (старэйшы), фота praca-by.info

Мікалай Чарнавус (старэйшы), фота praca-by.info

У заяве Мікалай Чарнавус напісаў, што мэта правядзення народнага сходу – «выказванне пратэсту супраць збяднення народа, росту цэн і камунальных паслуг, беспрацоўя, памяншэння заробкаў і нікчэмных пенсій».
Мерапрыемства ён прапануе правесці ў вялікай зале гар- ці райвыканкама, пад лозунгамі «Не збядненню народа», «Усе чыноўнікі – у адстаўку». Выкарыстоўваць транспартныя і піратэхнічныя сродкі падчас мерапрыемства актывіст не плануе.
«Вам прапануем забяспечыць яўку прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, кіраўнікоў аблвыканкама і гар-, райвыканкамаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў г. Баранавічы і раёна», – напісаў Мікалай Чарнавус у канцы заявы, адрасаванай старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Юрыю Грамакоўскаму.
Па словах актывіста, заяву ён асабіста аднёс і зарэгістраваў ў Баранавіцкім гарвыканкаме 31 сакавіка.
– Яшчэ не атрымаўшы адказ, я амаль упэўнены, што сход не дазволяць, – адзначае Мікалай Чарнавус-старэйшы. – Гэта яшчэ раз дакажа, што словы прэзідэнта «весці з народам дыялог» нічога не значаць.
intex-press.by