Аўтар «Новага Часу» Дзяніс Івашын прызнаны палітвязнем

Пра гэта гаворыцца ў супольнай заяве беларускіх праваабарончых арганізацый, прынятай сёння, 24 сакавіка.

denis_ivashin_grodno_1.jpg


Як пішуць праваабаронцы, журналіст з Гродна Дзяніс Івашын быў затрыманы 12 сакавіка супрацоўнікамі КДБ Беларусі. Івашын займаецца журналісцкімі расследаваннямі. У Беларусі ён супрацоўнічае з рэдакцыяй газеты «Новы Час». Апошні яго матэрыял для «Новага Часу» быў пра тое, як былыя ўкраінскія супрацоўнікі «Беркута» паспяхова ўладкаваліся на службу ў беларускую міліцыю. Таксама ён з'яўляецца журналістам і рэдактарам беларускай службы сайта «ІнформНапалм».

У той жа дзень, 12 сакавіка, сілавікамі былі праведзены вобшукі ў кватэры журналіста, дома ў маці Дзяніса, а 15 сакавіка адбыўся вобшук у яго 95-гадовай бабулі.

20 сакавіка стала вядома, што Дзянісу Івашыну прад'явілі абвінавачанне па арт. 365 Крымінальнага кодэкса — нібыта за ўздзеянне на супрацоўніка органаў унутраных спраў з мэтай змены характару яго законнай дзейнасці шляхам абвяшчэння звестак, якія ён жадае захаваць у таямніцы. Івашыну была абраная мера стрымання — змяшчэнне пад варту.

У сувязі з абраннем журналісту Дзянісу Івашыну меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай і з прад’яўленнем яму абвінавачання па арт. 365 КК, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці адзначаюць наступнае:

«Дзейнасць Дзяніса Івашына ў якасці журналіста пры правядзенні журналісцкіх расследаванняў і падрыхтоўцы серыі публікацый аб праходжанні службы былых супрацоўнікаў спецыяльнага падраздзялення ўкраінскай міліцыі "Беркут" у складзе атрадаў міліцыі асаблівага прызначэння Беларусі (АМАП) пераследавала легітымную мэту давядзення да ведама грамадства інфармацыі, якая прадстаўляе сацыяльную значнасць.

Інфармацыя для правядзення журналісцкага расследавання бралася з адкрытых крыніц.

У адпаведнасці з п. 30 Заўваг агульнага парадку Камітэта ААН па правах чалавека №34 «Артыкул 19: Свабода меркаванняў і іх выказвання», дзяржавам-удзельніцам неабходна вельмі старанна падыходзіць да забеспячэння строгага выканання патрабаванняў п. 3 арт. 19 МПГПП ў працэсе распрацоўкі і прымянення законаў, якія тычацца нацыянальнай бяспекі, службовай таямніцы, барацьбы з падрыўной дзейнасцю ці іншых сфер. Напрыклад, парушэнне п. 3 уяўляе сабой спасылкі на такія законы, з тым каб утрымаць або ўтаіць ад шырокай грамадскасці інфармацыю, якая прадстаўляе законны грамадскі інтарэс і не пагражае нацыянальнай бяспецы, а таксама каб пераследаваць журналістаў, даследчыкаў або іншых асоб за распаўсюд такой інфармацыі.

Такім чынам, гэтыя дзеянні з’яўляюцца негвалтоўнай рэалізацыяй свабоды пошуку і распаўсюду інфармацыі, трапляюць пад абарону арт. 19 МПГПП і іх нельга кваліфікаваць як "уздзеянне на супрацоўніка органаў унутраных спраў з мэтай змены характару яго законнай дзейнасці".

У гэтым кантэксце лічым ўтрыманне пад вартай Дзяніса Івашына палітычна матываваным, а яго самога — палітычным зняволеным, у адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "Палітычны зняволены"».

У сувязі з гэтым прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі патрабуюць неадкладнага і безумоўнага вызвалення з-пад варты Дзяніса Івашына і спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да яго. А таксама неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсій у краіне.

Такім чынам, колькасць палітвязняў у Беларусі дасягнула 299 чалавек.