Асудзілі прадстаўнікоў стартап-хаба «Імагуру» — да пазбаўлення волі і буйных штрафаў

Крымінальную справу супраць Таццяны Марыніч, Анастасіі Хамянковай, а таксама Яўгена Пугача разглядалі паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, паведамляюць праваабаронцы «Вясны».

imaguru_2.webp

Другога снежня 2024 году ў Мінскім гарадскім судзе вынесены прысуд прадстаўнікам мінскага стартап-хаба «Імагуру». Суд над імі распачаўся другога верасня і цягнуўся амаль тры месяцы. Таццяну Марыніч і Анастасію Хамянкову судзілі завочна, а Яўген Пугач утрымліваецца пад вартай з ліпеня 2023 года. 

Таццяну Марыніч завочна асудзілі да 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама штрафу ў памеры сямі тысяч базавых велічынь — 280 тысяч рублёў.

Анастасію Хамянкову завочна асудзілі да 11 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама штрафу ў памеры сямі тысяч базавых велічынь — 280 тысяч рублёў. Абедзвюх жанчын пазбавілі права пяць гадоў займаць пасады, якія звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністратыўна-гаспадарчых працаў. 

Яўген Пугач асуджаны да 4,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама штрафу ў памеры 500 базавых велічынь (20 тысяч рублёў). Яго таксама пазбавілі права пяць гадоў займаць пасады, якія звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністратыўна-гаспадарчых працаў.

Яўгена прызналі вінаватым паводле арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый) , іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) і арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў) Крымінальнага кодэксу.  

За што судзілі «Імагуру»?

Паводле следства, акрамя іншага, Марыніч і Хамянкова маюць дачыненне да «ўчынення шэрагу злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці». Яны нібыта «стварылі і кіравалі экстрэмісцкім фарміраваннем, на інтэрнэт-рэсурсах якога размяшчалі экстрэмісцкія матэрыялы накіраваныя на падтрымку масавых беспарадкаў, якія праходзілі ў 2020-ым годзе».

«Іх асноўная мэта — дыскрэдытацыя канстытуцыйных асноў Рэспублікі Беларусь, падтрыманне радыкальнага і пратэснага патэнцыялу, а таксама захоп улады неканстытуцыйным шляхам», — гаварылася ў праўладных крыніцах.

Глядзіце таксама

Паводле якіх артыкулаў разглядалі справу?

Крымінальную справу супраць Таццяны Марыніч, Анастасіі Хамянковай, а таксама Яўгена Пугача разглядалі паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу. У тым ліку — паводле ч. 1 арт. 357 (змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады) Крымінальнага кодэксу. Справу разглядала суддзя Любоў Сімахіна.

Марыніч і Хамянковай ставілася ў віну 10 артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

  • «змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады» (ч. 1 арт. 357 КК);

  • «заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый) , іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» (ч. 3 арт. 361 КК);
  • «ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў» (ч. 2 арт. 243 КК);
  • «злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі» (ч. 2 арт. 424 КК);
  • «дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь» (арт. 369-1 КК)
  • «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 2 арт. 361-4 КК);
  • «распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варожасці» (ч. 3 арт. 130 КК);
  • «удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка альбо падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу» (ч. 2 арт. 361-3 КК);
  • «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 2 арт. 361-2 КК);
  • «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім» (ч. 2 і 3 арт. 361-1 КК).

Канчатковае пакаранне складзенае шляхам частковага складання прызначаных пакаранняў і далучэння дадатковых пакаранняў.

Глядзіце таксама

Так, паводле ч. 2 арт. 243 жанчын асудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі і штрафу ў памеры 3000 базавых велічынь (120 тысяч рублёў), а таксама пазбаўлення права займаць пэўныя пасады цягам пяці гадоў.

Паводле ч. 1 арт. 357 Марыніч асудзілі да дзевяці гадоў калоніі, Хамянкову — да васьмі гадоў калоніі са штрафам у памеры 5000 баўавых велічынь (200 тысяч рублёў) кожнай.

Паводле ч. 3 арт. 361-1 Марыніч прызначанае пакаранне ў выглядзе пяці гадоў пазбаўлення волі, Хамянковай — чатырох гадоў калоніі, таксама кожнай з іх прызначаны штраф у памеры 2000 базавых велічынь (80 тысяч рублёў) кожнай.

Паводле ч. 2 арт. 361-1 абедзвюм жанчынам прызначылі па сем гадоў калоніі і штраф у памеры 3000 базавых велічынь (120 тысяч рублёў).

Паводле ч. 2 арт. 424 іх асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі без штрафу, а таксама пазбавілі права займаць пэўныя пасады цягам пяці гадоў.

Паводле ч. 3 арт. 130 жанчын асудзілі да шасці гадоў калоніі кожную, паводле ч. 3 арт. 361 — да сямі гадоў калоніі, паводле арт. 369-1 — да чатырох гадоў калоніі і штрафу ў памеры 1000 базавых велічынь (40 тысяч рублёў).

Паводле ч. 2 арт. 361-2 жанчын пазбавілі волі на пяць гадоў кожную.

Паводле ч. 2 арт. 361-4 Таццяну Марыніч асудзілі да чатырох гадоў калоніі, а Анастасію Хамянкову — да трох гадоў пазбаўлення волі. 

Глядзіце таксама