Апеляцыйны суд Стакгольма скараціў пакаранне Вользе Класкоўскай на год
Апеляцыйны суд Стакгольма сёння вынес рашэнне па справе грамадзянкі Беларусі Вольгі Класкоўскай. Прыгавор пакінуты ў сіле, але тэрмін турэмнага зняволення скарочаны з васьмі да сямі гадоў. Пра гэта БелаПАН паведаміла маці асуджанай Людміла Класкоўская.
Людміла Класкоўская "ў шоку ад вынесенага рашэння". "Вольга так радавалася, што прызначаны новы адвакат, былі такія надзеі на гэты суд, а тут такое. Пра ўсё я даведалася ад журналістаў. Нашы дыпламаты яшчэ не звязваліся са мною", — паведаміла яна.
Маці чакае афіцыйнага пацвярджэння гэтай інфармацыі, пасля чаго будзе вызначацца з далейшымі дзеяннямі.
Як растлумачыў БелаПАН прадстаўнік Шведскага радыё Максім Лапіцкі, які бачыў тэкст сённяшняга прысуду, рашэнне Апеляцыйнага суда можа быць абскарджана ў Вярхоўным судзе Швецыі. Аднак, дадаў ён, Вярхоўны суд не заўсёды прымае да разгляду падобныя справы — гэта залежыць ад таго, ці будуць пададзены новыя доказы або з'явяцца новыя акалічнасці па справе.
Нагадаем, пра затрыманне Вольгі Класкоўскай стала вядома 2 красавіка. Яна была затрымана ў горадзе Ханінгу на поўдзень ад Стакгольма і змешчана ў турму Окерсберга за 30 км на паўночны ўсход ад Стакгольма.
Некалькі гадоў таму Класкоўская атрымала статус палітычнага бежанца ў Швецыі ў сувязі з пераследам на радзіме за апазіцыйныя перакананні. У 2011 годзе вярнулася ў Беларусь з-за сямейных праблем, але хутка зноў паехала ў Швецыю, дзе ўзяла шлюб з мясцовым жыхаром, а ў ліпені 2012 года нарадзіла сына. Дакументы на атрыманне права на жыхарства ў Швецыі падавала двойчы: пасля ўзяцця шлюбу і пасля нараджэння дзіцяці. У канцы студзеня 2013 года стала вядома, што ўлады Швецыі адмовілі ёй у атрыманні права на жыхарства і прынялі рашэнне аб яе дэпартацыі без магчымасці абскарджання.
6 лютага прадстаўнікі сацыяльных службаў Швецыі забралі ў Класкоўскай малалетняе дзіця ў сувязі з тым, што ў яе няма права на жыхарства ў гэтай краіне і яна не можа забяспечыць сыну нармальныя ўмовы пражывання. 8 лютага Класкоўская і яе адвакат сустракаліся з прадстаўніком сацслужбаў, які паведаміў, што дзіця перададзена бацьку.
Дачка Класкоўскай Міраслава паводле рашэння шведскіх уладаў таксама падлягала дэпартацыі. У Швецыю па дзяўчынку ездзіла яе бабуля, маці Вольгі. Зараз Міраслава знаходзіцца ў Беларусі.
23 жніўня стакгольмскі суд прызнаў Класкоўскую вінаватай у замаху на забойства зараз ужо былога мужа Гёкая Безгіна. Вольга была прыгаворана да васьмі гадоў турэмнага зняволення і павінна выплаціць грашовую кампенсацыю Безгіну ў 110 тысяч шведскіх крон.
У пачатку кастрычніка Людміла Класкоўская накіравала ліст каралеве Швецыі з просьбай аб дапамозе асуджанай дачцэ.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.