Анісім: Няма праблем у тым, каб вучыць фізіку ці хімію па-беларуску

Навуковая тэрміналогія ў значнай ступені інтэрнацыянальная, таму нельга казаць, што па-руску абмяркоўваць хімічныя элементы лягчэй, чым па-беларуску. 

Фота: people.onliner.by

Фота: people.onliner.by

Так намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы, дэпутат парламента Алена Анісім пракаментавала словы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, чаму ён не размаўляе па-беларуску.

Анісім: “Усім вядома, што навуковая тэрміналогія ў значнай ступені інтэрнацыянальная. Вазьміце, напрыклад, назвы хімічных элементаў: там што — рускія назвы, польскія ці літоўскія? Гэта сістэма міжнародная, якая павінная быць зразумелай усім спецыялістам. І таму навуковую тэрміналогію сёння не варта разглядаць як тормаз, які тармозіць ці прыпыняе развіццё нацыянальных моў”.

Нагадаем, у інтэрв'ю тэлеканалу “Россия 24” Лукашэнка заявіў, што не можа размаўляць па-беларуску, бо “ў беларускай не заўжды можна знайсці патрэбныя для размовы словы”.

“Я часта пра гэта кажу, што беларуская мова адносна маладая. Бо ў шмат якіх пытаннях, тэмах, асабліва ў тэрміналогіі (фізіка, хімія, матэматыка), у нас папросту няма адпаведных паняццяў у беларускай мове”, — заявіў Лукашэнка.

Анісім нагадала, што ў Беларусі ёсць і падручнікі дакладных навук па-беларуску, і слоўнікі розных тэхнічных тэрмінаў. Пры жаданні заўжды можна павялічыць свой слоўнікавы запас.


euroradio.fm