Усіх шкаляроў — «пад гаршчок»!
Пытанні сістэмы адукацыі ў Беларусі ўжо не першы год знаходзяцца «пад пільгай увагаю» самай галоўнай асобы нашай краіны.
У аўторак, 15 жніўня, беларускі правадыр сустрэўся з віцэ-прэм’ерам ураду Васілём Жарко і міністрам адукацыі Ігарам Карпенкам.
Кіраўнік краіны вырашыў, што ўсе айчынныя шкаляры павінны быць падобныя адзін на аднаго. “Формула адна: каб 1-га верасня дзеці былі аднолькавыя. Не ў тым плане, што яны мусяць быць апранутыя ў чорна-белыя фартухі, гольфы альбо спаднічкі. А каб не выбіваліся дзеці з сем’яў, якія не такія заможныя сёння. Мы мусім апрануць прыстойна да 1 верасня усіх дзетак”, — заявіла першая асоба.
Што значыць “прыстойна” і за чый кошт, Лукашэнка не патлумачыў.
Калі ўжо кіраўніцтва шматпакутнай Беларусі адыдзе ад гэтых саўдэпаўскіх поглядаў?! У часы шкалярства аўтара гэтых радкоў у 1980-я гады, усе вучні таксама насілі аднолькавыя формы і выглядалі як аднародная маса. Ад першага класа да дзясятага. І вось цяпер ва ўмовах няспыннага эканамічнага крызісу з падачы вышэйшага кіраўніцтва прадпрыемствы “Беллегпраму” зноў могуць атрымаць неблагія грошы ад продажу сваёй прадукцыі.
Апроч таго, у савецкія часы нават фрызуры вучняў былі падобныя, асабліва ў хлопчыкаў — крый Божа было з’явіцца ў школе з даўгімі валасамі (асабліва пасля вакацыяў).
Цяпер кіраўніцтва Сінявокай зноў фактычна прапануе ператварыць шкаляроў у тую ж саўдэпаўскую аднародную масу — абы хто не адрозніўся ад большасці вучняў.
Уношу тады яшчэ адную прапанову — наконт фрызураў. Калісьці ў Расіі ўсіх юнакоў і падлеткаў стрыглі “пад гаршчок” — узгруваджвалі на галаву сапраўдны гліняны гаршчок і адстрыгалі ўсё, што вылазіла з-пад гэтай няхітрай прылады. Чаму сённяшняй тутэйшай уладзе не вярнуцца да той практыкі?
А што, танна і проста, не трэба завіхацца над нейкімі моднымі вычварэннямі на галовах маладых беларусаў. У нас жа ёсць і дарагія цырульні, і “бюджэтныя”, дзе могуць апрацаваць кліента сыходзячы з яго сціплых запытаў. А можна нават адмысловыя “гаршчковыя” цырульні арганізаваць з бюджэтнымі датацыямі. Бо калі ж школьная форма будзе, бадай, аднолькавая, дык як можна дапусціць, каб дзіця больш заможных бацькоў з’явілася ў школе з файнай і нятаннай фрызурай, што “наносіць маральную шкоду” деткам з менш паспяховых сем’яў? Таму ўсіх шкаляроў — “пад гаршчок”! Справядлівась перад усім!
А тым часам віцэ-преэм’ер Жарко звярнуўся да Лукашэнкі з прапановай вярнуцца да пяцібальнай сістэмы ацэнкі ведаў. Што, можа, і правільна. Дык навошта было раней гарод гарадзіць з гэтай дзесяцібальнай недарэчнасцю?
Хочацца папрасіць уладатрымцаў: пакіньце хоць сістэму адукацыі ў спакоі,
хаця б на нейкі час! Бо чыноўнікі ад адукацыі, магчыма, не ўяўляюць сабе, як
яны абрыдлі са сваімі навацыямі і шараговым настаўнікам, і выкладчыкам ВНУ ды
тэхнікумаў, як і іншых навучальных установаў. А таксама школьнікам, навучэнцам
ды іх бацькакм. Сваімі “навацыямі” ды ініцыятывамі цяперашнія “дзеячы” пры
ўладзе проста знішчаюць тое, завецца сістэмай адукацыі. Але самі гэтага,
відаць, не разумеюць.