Анісім і Канапацкая будуць удзельнічаць у новых парламенцкіх выбарах
Апазіцыйныя дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім і Ганна Канапацкая сказалі Радыё Свабодзе, што збіраюцца ўдзельнічаць у новых парламенцкіх выбарах, якія плануецца правесці ў лістападзе 2019 году.
Анісім будзе зноў балатавацца ў Стоўбцах
Старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім прадстаўляе ў Палаце прадстаўнікоў выбарнікаў Стаўбцоўскай выбарчай акругі № 70. Яна кажа, што на новых выбарах будзе вылучацца ў гэтай жа акрузе, дзе балатавалася ў 2016 годзе.
Алена Анісім лічыць, што яна не падводзіць тых, хто галасаваў за яе на апошніх парламенцкіх выбарах:
«Я павінна працягваць працу з выбарнікамі. Тое, што мы супольна зрабілі, гэта ўжо, можна казаць, гісторыя. Але, на жаль, ня ўсё, што хацелася, здолела выканаць. Вядомы прыклад з чыгуначным прыпынкам у маёй роднай вёсцы. Трэба будзе тлумачыць людзям, што я выкарыстала свае паўнамоцтвы цалкам. Але ня ўсё залежыць толькі ад дэпутата».
Анісім ня хоча сыходзіць з палітычнага жыцця. Яна кажа, што пераканалася, наколькі гэта станоўча, калі ў органах дзяржаўнай улады ёсць людзі, якія прасоўваюць беларускія нацыянальныя каштоўнасці. Таму будзе рэкамендаваць актывістам Таварыства беларускай мовы ўдзельнічаць у новай выбарчай кампаніі.
Канапацкая садзіць дрэвы ў сваёй акрузе і збіраецца там балатавацца
Ганна Канапацкая, якая абраная ў Кастрычніцкай выбарчай акрузе № 97 у Менску, кажа, што прызначэнне выбараў на лістапад ніякім чынам не змяняе яе планаў:
«Я і раней казала, што буду ўдзельнічаць у наступных выбарах. І хоць у нас, дзейных дэпутатаў, «скралі« 10 месяцаў ад поўнага тэрміну цяперашняга скліканьня, гэта не ўплывае на маё рашэньне. Асабіста я лічу, што правядзеньне выбараў у Палату прадстаўнікоў сёлета, а не ў 2020-м годзе, – гэта парушэньне заканадаўства. Але што тут зробіш?»
Канапацкая прызнаецца, што нават ня думала пра тое, што можна на новых выбарах балатавацца ў іншай акрузе.
«Я, падаецца, шмат зрабіла для сваёй акругі. Мая перадвыбарчая кампанія, можа, ня так яскрава, але ўжо ідзе. І ідзе даўно. Думаю, што я адзіны дэпутат, які кожны чацвер па тры гадзіны прымае грамадзянаў. Людзі да мяне ідуць. І даволі часта выходзяць задаволеныя, удзячныя», – кажа Ганна Канапацкая.
Яна згадвае, што ўжо некалькі апошніх выходных разам са сваімі выбарнікамі высаджвае ў акрузе дрэвы. І гэта таксама частка яе дэпутацкай працы, як і заканадаўчыя ініцыятывы ў Палаце прадстаўнікоў.