Анестэзіёлага з Гродна аштрафавалі на 30 базавых за «Пагоню»

Лекара-анестэзіёлага аддзялення рэнтгенэндаваскулярнай хірургіі Гродзенскага абласнога клінічнага кардыялагічнага цэнтра Дзяніса Ушкевіч асудзілі 9 ліпеня на штраф у 30 базавых велічыняў (870 рублёў). Справу па ч.3 арт. 24.3 КаАП разглядаў Віталь Лабоцкі ў судзе Кастрычніцкага раёна, паведамляе Hrodna.life.

denis_ushkevich_2_800x601.jpg

Дзяніса затрымалі 26 чэрвеня. Каля 8.00 раніцы раздаўся званок у дзверы, па якім ён «інтуітыўна» пазнаў праваахоўнікаў. Прыйшлі двое супрацоўнікаў у форме — жанчына і мужчына. Яны, паводле яго слоў, пацікавіліся налепкай «Пагоня». «Тыповая аўтамабільная» налепка «Пагоня» памерам 10-15 сантыметраў была «налепленая прыгожа, роўна, акуратна» на сярэдняй секцыі балкона кватэры на трэцім паверсе. Вісела больш за год і «нікому не замінала». Дзяніс мяркуе, што яго затрымалі з-за «стукача».
Супрацоўнікі міліцыі адвезлі Дзяніса ў Кастрычніцкі РАУС для дачы паказанняў. Тут вывучылі змесціва тэлефона Дзяніса — асабліва супрацоўніка РАУС цікавілі фота з БЧБ-сцягам. Дзяніс не адмаўляў, што фатаграфаваўся з ім на адпачынку і дома. Лекар вырашыў, што тэлефон узламаюць і без яго, таму дазволіў вывучыць яго.
Пасля дачы тлумачэнняў Дзяніс з супрацоўнікамі РАУС паехалі да яго дадому на агляд. Яго балкон сфатаграфавалі. Падчас агляду забралі тэлефон і сістэмны блок кампутара. Акрамя налепкі, знайшлі маленькі БЧБ-сцяжок. Па словах Дзяніса, супрацоўнік міліцыі пазней вярнуўся без яго і ўсё гэта сфатаграфаваў. Акрамя таго, сябры перадалі лекару, што ён «даўно ў Viber, у Telegram», хоць доступу да інтэрнэту ў яго няма.
Пасля гэтага ўвечары Дзяніса даставілі ў ІЧУ, дзе ён правёў трое сутак.