Тэлеграм-канал Hrodna.life прызналі «экстрэмісцкім». Суд быў закрытым

У судзе Ленінскага раёна Гродна ў закрытым рэжыме прайшло пасяджэнне аб прызнанні Telegram-канала Hrodna.life экстрэмісцкім, паведамляе «Свабода».

Аляксей Шота

Аляксей Шота

За тры гадзіны да пасяджэння галоўны рэдактар Аляксей Шота падаў скаргу на рашэнне абласной экспертнай камісіі, па якім пракурор горада папрасіў прызнаць канал экстрэмісцкім.

Аляксей прасіў адмяніць рашэнне камісіі і прыпыніць суд да разгляду яго скаргі. Але суд адхіліў хадайніцтва.

Паводле прадстаўніцы пракуратуры Юліі Іванчык, каментары на канале ўтрымлівалі інфармацыю, «накіраваную на распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці розні». Яна адзначыла, што «сістэмных дзеянняў па спыненні распаўсюду экстрэмісцкай інфармацыі не праводзілі». На яе думку, гэтага дастаткова для прызнання Telegram-канала вінаватым у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў і распальванні сацыяльнай варожасці.

Пракурорка таксама папрасіла адхіліць хадайніцтва Аляксея Шоты аб прыпыненні судовай справы і працягнуць разгляд пісьмовых доказаў на закрытым пасяджэнні, бо матэрыялы справы ўтрымліваюць дакументы з грыфам «для службовага карыстання».

Суддзя падтрымала абедзве прапановы пракуратуры. Усіх прысутных, акрамя зацікаўленых бакоў — Аляксея Шоты і прадстаўніцы пракуратуры, — папрасілі пакінуць залу пасяджэнняў.

Рашэнне суду вынеслі пасля закрытага пасяджэння. Суддзя Вольга Шуманская прызнала канал Hrodna.life экстрэмісцкім, паведамляе выданне.

Галоўны рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота не пагадзіўся з прысудам:

«Лічу, што маё права на справядлівы разгляд справы было парушана. Суд, згодна з арт.160 Грамадзянска-працэсуальнага кодэкса, павінен быў прыпыніць пасяджэнне да моманту, калі будзе разгледжана мая скарга на заключэнне экспертнай камісіі. Раней падаць скаргу я не мог у прынцыпе — толькі за дзень да суду я азнаёміўся з матэрыяламі справы», — сказаў Аляксей Шота пра сваё хадайніцтва, якое суддзя не задаволіла.

У чэрвені партал Hrodna.life асудзілі на 14 500 рублёў штрафу за публікацыю фота з лагатыпам тэлеграм-канала, забароненага беларускімі ўладамі. Галоўнага рэдактара Аляксея Шоту і рэдактарку праектаў Ірыну Новік па гэтай справе затрымлівалі і змяшчалі пад варту. У рэдакцыю прыходзілі сілавікі.