Андрэй Ягораў: Чуткі пра смерць грамадзянскай супольнасці ў Беларусі перабольшаныя
Чаму апазіцыя Беларусі дагэтуль настолькі раз’яднаная?

Здаровым скепсісам такога пытання завяршылася прэс-канферэнцыя Каардынацыйнай рады, прысвечаная новаму інстытуту прадстаўнікоў, які быў створаны нядаўна пры самой радзе.
Удзельнікі сустрэчы падкрэслілі немагчымасць яднання сіл супраціву рэжыму Лукашэнкі, аднак распавялі, навошта ў радзе ўвялі пазіцыю прадстаўнікоў і прэзентаваі праграмы па ключавых напрамках развіцця.
Вольга Кавалькова, прадстаўніца Каардынацыйнай рады па развіцці чалавечага капіталу, кажа:
— У Каардынацыйнай рады ёсць прызнаная міжнародная суб’ектнасць, мы прызнаны як прадстаўнічны орган беларускага грамадства Еўрапейскім парламентам і Кангрэсам ЗША. Інстытут прадстаўніцтва — інстытут, які ўзнік у гэтым месяцы, каб экспертыза сябраў Каардынацыйнай рады транслявалася і дапамагала як супольнасцям унутры Беларусі, так і на міжнароднай арэне.
Прадстаўнік Каардынацыйнай рады ў сферы грамадзянскай супольнасці Андрэй Ягораў агучыў бягучы стан грамадства у Беларусі:
— Ліквідаваныя ці знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі толькі паводле адкрытых крыніц 186 грамадскіх арганізацый. Гэта самая масавая зачыстка грамадзянскай супольнасці з 1999 года, калі дзяржава таксама масава перарэгістравала грамадскія аб’яднанні і ліквідавала дзясяткі з іх. Большасць людзей, якія ўдзельнічалі ў дзейнасці грамадзянскай супольнасці, застаюцца ў Беларусі і працягваюць дзейнічаць. Чуткі пра смерць грамадзянскай супольнасці ў Беларусі перабольшаныя, яна будзе працягваць актыўнасць, нягледзячы на ўмовы, якія ствараюцца гэтым рэжымам.
Паводле слоў удзельнікаў прэс-канферэнцыі, інстытут прадстаўніцтва дае мажлівасць захаваць эфектыўных менеджараў, якія былі вымушаны пакінуць Беларусь. На дадзены момант у Каардынацыйнай радзе абраныя прадстаўнікі па напрамках бізнэсу, «Усходняга партнёрства», палітычных зняволеных, культуры, спорту ды іншых. Плануецца, што свае праграмы менеджары рэалізуюць на працягу шасці месяцаў.