Якія ў Беларусі магчымасці для дыстанцыйнага навучання?
У параўнанні са звыклым дзённым ці нават завочным навучаннем дыстанцыйны фармат прапануе больш свабоды, меней перашкодаў для прафесійнага жыцця, а таксама больш танныя кошты за семестры. Але...
Але чамусьці ў вядучых ВНУ краіны дыстанцыйна можна вывучыцца толькі на
праграміста, здавалася б, не самая лёгкая прафесія для саманавучання.
Студэнт на дыстанцыйным навучанні ніяк не звязаны фізічна з месцам знаходжання ўніверсітэту. Калі на завочным існуюць сесіі падчас якіх трэба прыязджаць і праслухоўваць лекцыі, запісваць канспекты, а потым рыхтавацца і здаваць іспыты не заўсёды ў самы зручны час, то тут фармат больш гібкі. Абсалютна ўсе зносіны з універсітэтам адбываюцца праз Інтэрнэт.
Вядучыя навучальныя ўстановы ў свеце ўсё больш прапануюць варыянтаў такога навучання, які нават можна расцягнуць па часе на столькі, на колькі хочацца. Можна прайсці ўвесь курс за месяц, а можна цягнуць цэлы год. Таксама даволі папулярнымі становяцца адмысловыя платформы, дзе можна атрымаць мэтавыя веды ад высокакваліфікаваных выкладчыкаў міжнароднага ўзроўню.
«Дыстанцыйная адукацыя — актуальная ва ўсім свеце форма. Зараз матэрыял можна атрымліваць праз Інтэрнэт у любым месцы. Шмат у каго няма грошай і часу збірацца дзеля навучання ў сценах навучальнай установы», — кажа Вадзім Мажэйка, аналітык «Ліберальнага клубу», выкладчык Беларускага Калегіума.
Дзе можна вучыцца дыстанцыйна?
Сярод беларускіх ВНУ дыстанцыйныя праграмы прапануюць толькі чатыры: БДУІР, БНТУ па спецыяльнасцях у сферы інфармацыйных тэхналогіяў, а таксама Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе дыстанцыйна рыхтуюць эканамістаў і Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе рыхтуюць юрыстаў і…таксама праграмістаў.
Тое, што сярод усіх спецыяльнасцяў менавіта праграмісты прапануюць шмат магчымасцяў для дыстанцыйнага навучання, толькі ў адным БДУІР — цэлых 12 праграмаў і 4 у БНТУ, — абумоўлена самой прафесіяй. Праграмісты па змаўчанні ўмеюць добра карыстацца ўсімі магчымасцямі Інтэрнэту, як выкладчыкі, так і студэнты, і не мінаюць магчымасці схіліць гэта на сваю зручнасць.
«Яны выкарыстоўваюць воблакавыя сервісы Microsoft, студэнты могуць рэдагаваць разам дакументы, ёсць навучальныя сайты і праграмы ў воблацы, закрытая сацыяльная сетка, дзе ёсць у тым ліку выкладчыкі, медыябібліятэкі. У гэты воблацы ёсць таксама практыкумы ад кампаніяў Wargaming, Qulix, Microsoft. Але ў нас пакуль толькі кафедра праграмавання перайшла на такія фарматы і пайшла наперад», — распавядае Кацярына, экспертка ў сферы інфармацыйных тэхналогіяў, выкладчыца інтэрнэт-маркетынгу.
Галоўнае ў дыстанцыйным навучанні – імкненне да ведаў, а не простае жаданне атрымаць дыплом аб вышэйшай адукацыі дзеля птушачкі ў сваім рэзюмэ. Магчыма таксама, поспех дыстанцыйнага навучання ў сферы інфармацыйных тэхналогіяў у тым, што праграмісты — матываваныя, у першую чаргу, магчымасцямі і будучымі заробкамі, бо вядома, што ў Беларусі праграмісты — адны з самых запатрабаваных і высокааплочваемых спецыялістаў на рынку працы. У мінулым годзе сярэдняя зарплата ў арганізацыях, звязаных з вылічальнай тэхнікай склала больш за 1000 долараў.
«Большасць талковых праграмістаў засвоілі спецыяльнасць дакладна не на дзённым навучанні і нават не на завочным, але адукаваліся самі. Але на самой справе, ва ўніверсітэце вельмі моцная база фундаментальных ведаў, якія нельга недаацэньваць. І дыстанцыйнае навучанне дае магчымасць іх засвоіць, сістэматызаваць і стымуляваць сябе», — распавядае Кацярына.
На некаторых факультэтах завочнага навучання ўжо пачалі выкарыстоўваць новыя тэхналогіі дзеля выканання заданняў і праслухоўвання лекцыяў. Але ж фармат фармальнай прысутнасці і адзінага для ўсіх графіку застаецца нязменным.
«Каб даваць веды, а не пустыя корачкі, трэба выкарыстоўваць сучасныя метады навучання і кантролю ведаў. Гэта можа стаць больш эфектыўнай сістэмай традыцыйнаму фармату працы з завочнікамі – бо ў акадэмічным асяродку ўсе разумеюць, што зараз веды завочнікаў пры атрыманні дыплому часцей за ўсё застаюцца вельмі нізкімі», — кажа Вадзім Мажэйка.
Паводле belsat.eu