Аляксандру Францкевічу прад'явілі новае абвінавачанне. Пакаранне па ім — да 12 гадоў зняволення

Як стала вядома «Новаму Часу», анархісту і палітвязню Аляксандру Францкевічу інкрымінуюць яшчэ адзін артыкул — ч.3 арт. 130 КК РБ («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці»).

Фота «Радыё Свабода»

Фота «Радыё Свабода»


Як распавяла маці вязня Таццяна Францкевіч, да Аляксандра ў пятніцу прыходзіў следчы з групы Цыбульскага з ГУБАЗіК. Цыбульскі вядзе следства па справе Францкевіча зараз і затрымліваў яго яшчэ ў 2010 годзе.
Ад гэтага следчага і стала вядома пра новае абвіначанне па ч. 3 арт. 130 КК. Пакаранне па ім — пазбаўленне волі да 12 гадоў.
Дакладная прычына дадатковага абвінавачання невядомая. Маці мяркуе, што гэта звязана з тым, што яе сын анархіст і раней ужо быў судзімы.
Таццяна Францкевіч кажа, што Аляксандр трымаецца добра, піша пазітыўныя лісты.
Аляксандр Уладзіміравіч Францкевіч — актывіст анархісцкага руху, быў затрыманы 13 жніўня на выхадзе з пад'езда дома, дзе пражываў.
Спачатку яму было прад'яўленае абвінавачанне па ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — «Арганізацыя масавых беспарадкаў». 28 студзеня стала вядома, што супраць яго, а таксама супраць палітвязняў Акіхіра Гаеўскага-Ханады, Андрэя Чапюка і яшчэ некалькіх чалавек узбуджана крымінальная справа па ч. 2 арт. 285 Крыминальнага кодэкса — «Удзел у злачыннай арганізацыі ў любой іншай форме».
Акрамя таго, паводле апошняй інфармацыі, Францкевіча вінавацяць па ўсіх трох частках артыкула 293 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя масавых беспарадках, удзел у іх, навучанне ці іншая падрыхтоўка да ўдзелу»).
Раней Таццяна Францкевіч распавядала, што ў КДБ у дачыненні да яе сына ўжываліся катаванні.
Адрас для лістоў: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2