Справу журналіста Аляксандра Васюковіча вярнулі на дапрацоўку

Суд над журналістам адбыўся сёння ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска.

Судзяць Аляксандра Васюковіча. Фота Ірыны Арахоўскай

Судзяць Аляксандра Васюковіча. Фота Ірыны Арахоўскай

Журналіста Аляксандра Васюковіча затрымалі ўчора ўвечары ў бары «1067».

Рэпартаж з суда ў вядзе ў тэлеграме Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Аляксандра Васюковіча судзяць па скайпу, сам ён знаходзіцца на Акрэсціна. Напачатку пасяджэння абвешчаны перапынак на 10 хвілін, журналіст папрасіў даць магчымасць паразмаўляць з адвакатам.
Пасля перапынку зачыталі пратакол. Журналіста вінавацяць ва ўдзеле ў мітынгу на Раманаўскай Слабадзе.
Выступае Васюковіч: «Я працаваў у якасці журналіста, здымаў рэпартаж. Ішоў у бок Нямігі. Людзі разышліся, у 20:00 мы з калегамі зайшлі ў бар 1067, каб скінуць здымкі ў рэдакцыю.
Прыкладна ў 21:00 мы выйшлі папаліць, вярнуліся і адразу ж нас затрымаў АМАП.
АМАПаўцы зайшлі ў бар і заламалі нам рукі. Потым яны ўбачылі, што на стале тэхніка, і дазволілі яе скласці. Потым зноў заламалі рукі.
На мітынгу я быў абазначаны, меў пасведчанне журналіста вялікага памеру на шыі. Гэта пасведчанне журналіста газеты «Новы Час», мне яго выдаў галоўны рэдактар».
На заднім плане чутны яшчэ адзін судовы працэс. Здаецца, суддзя дапытвае журналіста Уладзіміра Грыдзіна.
Адвакат просіць дапытаць сведкаў Уладзя Грыдзіна, Ягора Калягіна і Жанну Насута, а таксама паглядзець запісы з камер.
Суддзя адказу не даў, пачаў зачытваць рапарт міліцыі пра тое, што падчас патрулявання міліцыя выявіла Васюковіча на Раманаўскай Слабадзе і затрымала.
У судзе абвешчаны перапынак да 14:00.
Працэс над Васюковічам аднавіўся толькі пасля 15 гадзін. Дапытваюць сведку з боку абароны Жанну Насута.
Яна была ў бары «1067»: журналісты ціха працавалі за кампутарамі. Ні ў бары, ні на вуліцы нічога не адбывалася. У раёне 21:20 у бар забеглі АМАПаўцы і затрымалі журналістаў.
«Мы спалохаліся, што будуць затрымліваць усіх. Але затрымалі толькі журналістаў».
У судзе зноў абвясцілі 15-хвілінны перапынак для вынясення рашэння.
Вынік: справу вырашылі вярнуць у РУУС на дапрацоўку. Ці вызваляць яго з Акрэсціна — пакуль невядома.
Аналагічная сітуацыя са справай затрыманага разам з Васюковічам Уладзя Грыдзіна.