Аляксандр Мілінкевіч: «Раман Бандарэнка выйшаў на апошнюю ў сваім жыцці Плошчу»
Аляксандр Мілінкевіч у сваім facebook праводзіць паралель паміж забойствамі Рамана Бандарэнкі і польскага прапаведніка Ежы Папялушкі.
У часы барацьбы польскай Салідарнасці з камунізмам была адна падзея, што назаўсёды засталася ў калектыўнай памяці палякаў — брутальнае рытуальнае забойства спецслужбамі маладога святара і папулярнага прапаведніка Ежы Папялушкі.
Ён загінуў, бо не жадаў адмаўляцца ад простых каштоўнасцяў, якія для тагачасных уладаў Польшчы былі смяротнай пагрозай. У гісторыі засталіся словы з ягоных казанняў — ‘Не магчыма забіць надзею’, ’Насілле не ёсць прыкметай сілы, але слабасці’.
Забойства айца Ежы Папялушкі ўзрушыла сумленне палякаў. Па свайму ўздзеянню яно было падобна на нацыянальны біблейскі ’non possumus’ — ’мы не можам’. Трагедыя дадала сіл і ажывіла надзеі на свабоду, падаўленую ў час ваеннага становішча. Смерць стала маральнай перамогай дабра над злом.
...Раман Бандарэнка выйшаў на апошнюю ў сваім жыцці Плошчу, бо хацеў заставацца вольным, нават пры вонкавай няволі, хацеў быць годным беларусам, быць сабой, і дзеля гэтага трэба стала перамагаць страх і жыць у праўдзе. А праўда ёсць самая небяспечная зброя для азвярэлага таталитарнага рэжыма, таму што ён заснаваны на нахабнай хлусні.
Лукашэнкаўскія нелюдзі забілі маладога мастака, але не святую веру і моц нашага духа. Мая краіна праходзіць праз свой біблейскі ’non possumus’.