Аляксандр Класкоўскі: У беларускіх умовах любая рэгістрацыя — гэта фільтр

Новыя папраўкі ў закон аб СМІ вядуць да ўзмацнення дзяржкантролю ў медыясферы — так мяркуюць незалежныя эксперты.



Фота "Радыё Свабода"

Фота "Радыё Свабода"

У прыватнасці, законапраект дазваляе добраахвотную рэгістрацыю інтэрнэт-рэсурсаў у якасці СМІ і ўводзіць для іх тэрмін “сеткавыя выданні”. Такія рэсурсы і іх супрацоўнікі атрымаюць правы і абавязкі традыцыйных СМІ.

Палітычны аглядальнік, медыя-эксперт Аляксандр Класкоўскі каментуе гэта новащвядзенне:

— Гэта як заўжды падступная метода беларускіх уладаў. Натупальна яны будуць сцвярджаць: глядзіце, мы хочам даць інтэрнэт-журналістам усе правы, легалізаваць іх. Але насамрэч у беларускіх умовах рэгістрацыя медыяў, мы гэта ведаем на прыкладзе друкаваных выданняў, гэта такі фільтр, і даволі жорсткі.

Адзначаецца, што ў выпадку непраходжання рэгістрацыі ў якасці СМІ — інтэрнэт-рэсурсы не змогуць звяртацца ў дзяржаўныя органы ды іншыя арганізацыі па акрэдытацыю сваіх супрацоўнікаў, не змогуць карыстацца правамі журналіста пры ажыццяўленні прафесійнай дзейнасці па асвятленні масавых акцый або абароне крыніцы інфармацыі.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя