Аляксандр Класкоўскі “Беларуская журналістыка: стан, праблемы,выклікі”
21 сакавіка ў цыкле публічных лекцыі "Urbi et ORbi", якія ладзіць Лятучы ўніверсітэт, мае адбыцца лекцыя Аляксандра Класкоўскага "Беларуская журналістыка: стан, праблемы, выклікі". Пачатак а 18.30. Лекцыя будзе праходзіць у галерэі "Новы дзень" ( Нямігі, 36, уваход праз рэстарацыю).
Эпоха інтэрнэту, форума, ЖЖ, сацыяльных сетак, безумоўна, унесла свае карэктывы ў стаўленне да журналістаў-профі, але таксама сказалася і на палітыцы рэдакцый многіх СМІ, якасці журналісцкіх матэрыялаў. Сёння ў беларускіх СМІ вельмі рэдка можна сустрэць якасны, глыбокі, паўнавартасны матэрыял, зазвычай рэдакцыі арыентуюцца на стандартныя заметкі з гучнымі загалоўкамі, кароткія навіны, у найлепшым выпадку — інтэрв’ю па гарачай тэме. Інтэнсіўнасць развіцця навакольнага свету, усё новыя і новыя інфармацыйныя нагоды не дазваляюць журналісту мець дастаткова часу на апрацоўку матэрыялу. Так застаюцца невырашанымі і ўсё больш надзённымі праблемы крызісу жанру, формы, тэхналогіі падачы матэрыялу, этыкі і прафесіяналізму аўтараў. Датычна беларускага палітычнага кантэксту да гэтага спісу варта дадаць яшчэ сіндром барыкады, пытанні палітычнай ангажаванасці і аб’ектыўнай ацэнкі.
З якімі праблемамі сутыкаецца сёння беларуская прафесійная журналістыка? Чаго вымагае ад журналіста напісанне якаснага матэрыялу? Як адказаць на выклікі часу? Гэтыя пытанні ў розных аспектах ставіць і аналізуе у сваіх артыкулах, блогу вядомы журналіст, аналітык, Аляксандр Класкоўскі, прафесіяналізм і досвед працы якога ў СМІ дае поўнае права выступаць у ролі медыйнага эксперта. Прыйшоў час паставіць гэтыя пытанні перад “Горадам і Светам”.
Уваход вольны.