Алеся Круткіна арыштавалі на 15 сутак за ўдзел у акцыі за незалежнасць

У панядзелак, 27 студзеня, супрацоўнікі міліцыі затрымалі двух актывістаў грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь". Алеся Круткіна і Наталлю Спірыдонаву даставілі ў РАУС Кастрычніцкага раёна Віцебска, дзе абвінавацілі ў расклейцы ўлётак, якія з'явіліся раней у цэнтры горада.

Алесь Круткін, фота са старонкі ў Фэйсбуку

Алесь Круткін, фота са старонкі ў Фэйсбуку

Як паведаміла Наталля Спірыдонава, на іх склалі пратаколы па артыкуле 17.1 КаАП. Пасля складання пратаколу ў Кастрычніцкім РАУС актывістку адвезлі ў Першамайскі РАУС, дзе на яе быў складзены другі пратакол па артыкуле 21.14 КаАП.
Наталлю Спірыдонаву вызвалілі праз тры гадзіны пад падпіску ў сувязі з тым, што ў яе на ўтрыманні знаходзіцца маці-інвалід. Алесь Круткін пасля афармлення пратакола адпраўлены ў ІЧУ да суда. Пратакол па 17.1 КаАП быў складзены старэйшым інспектарам Кастрычніцкага РАУС маёрам міліцыі Юрыем Васіленкам. Пратакол па 21.14 КаАП склаў старшы ўчастковы, маёр міліцыі Уладзмір Казлоўскі.
На наступны дзень, 28 студзеня, у судзе Кастрычніцкага раёна горада павінны былі прайсці суды над актывістамі, паведамляе "Еўрапейская Беларусь". Да пачатку судовых пасяджэнняў актывістамі былі заяўленыя хадайніцтвы: Наталля Спірыдонава хадайнічала аб перакваліфікацыі артыкула 17.1 КоАП на 21.14.2 КаАП, Алесь Круткін — пра адваката. Абодва хадайніцтвы задаволеныя. У выніку абодва судовыя паседжанні былі перанесены.
Пасля гэтага актывістаў даставілі ў РАУС Кастрычніцкага раёна Віцебска. Наталлі Спірыдонавай ўручылі позву, а Алеся Круткіна павезлі ў Полацк, дзе яго чакаў суд за ўдзел у акцыі ў Мінску 20 снежня.
Увечары 28 студзеня стала вядома, што Алесь Круткін атрымаў 15 сутак арышту за ўдзел у акцыі ў падтрымку незалежнасці 20 снежня. Суд прайшоў у судзе Полацкага раёна ў закрытым рэжыме, паведамляе "Еўрапейская Беларусь". 
spring96.org