Алесь Пушкін пагаліўся налыса: у Гродзенскім СІЗА ў яго з'явіліся вошы

Мастак Алесь Пушкін, які і без таго знаходзіцца ў СІЗА Мінска па крымінальнай справе, атрымаў яшчэ і адміністрацыйны арышт. Яго судзілі ў Крупках па скайпе і далі 10 сутак арышту.

b33feaf721570067a3a99ad8b752898c.jpg


Падставай для гэтага стала супраціўленне супрацоўнікам міліцыі пры затрыманні 30 сакавіка ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна. Тады супрацоўнікі міліцыі літаральна вынеслі Пушкіна з працоўнага месца. Пра гэта Алесь Пушкін паведаміў у лісце да жонкі Яніны, піша Свабода.

Яніна таксама паведаміла, што атрымала паперы, у якіх гаворыцца аб накладанні арышту на дом у Бабры, у якім жыве сям'я Пушкіна і які належыць Пушкіну. Арышт праводзіцца на падставе пастановы следчага ўпраўлення ўнутраных спраў па Гродзенскай вобласці.

Гэта ўжо 16-ты суд Пушкіна па адміністрацыйных справах за ўвесь час.

Таксама Алесю Пушкіну двойчы афіцыйна і настойліва прапанавалі самому напісаць заяву аб звальненні з «Белрэстаўрацыі».

«Я адмаўляюся, хай звальняюць самі па якой заўгодна прычыне. Пакуль (на 23 красавіка) я яшчэ работнік, мастак-рэстаўратар “Белрэстаўрацыі”» — піша Алесь.

Пушкін піша, каб Яніна прыязджала толькі на першы дзень суда і больш не ездзіла. «Суд будзе доўгім і нудным. Перадачы не перадавайце, бо глупства жулікаў карміць, што са мной сядзяць, — піша Алесь Пушкін. — Усё трэба дзецям, бо цяжка будзе і за Марыльку плаціць штомесяц у ліцэі, і Коля паступіць, вучыць яго».

Таксама Алесь піша, што ў канцы следства аддадуць канфіскаваныя рэчы: кампутар, тэлефоны Яніны і сына Мікалая.

«Па словах следчага, суд будзе месяцаў праз пяць, — кажа Яніна. — Калі гэтую справу прычапілі да “польскай справы”, то гэта ж трэба вычварацца, каб усё гэта звязаць».

У мінулую пятніцу да Алеся Пушкіна ў мінскае СІЗА ўпершыню пусцілі адваката. «Яна сказала, што Алесю ў Мінску спадабалася нават больш, чым у Гродна. Кажа, не хвалюйцеся», — распавяла жонка.

Алесь Пушкін таксама даслаў асобныя лісты дзецям.

«Прыйшлі чатыры лісты, адно— дачцы, другое — сыну, трэцяе — мне і адно агульнае. Таксама ў лістах Алесь дае “ЦУ”: двор касіць, прыбіраць туалет, дровы рыхтаваць», — кажа Яніна.

Яніна ўдзячная за салідарнасць, якую выказваюць людзі.

«Сябры, валанцёры адклікаюцца, усе праяўляюць салідарнасць і мне дапамагаюць, зрабілі дастаўку прадуктаў. Тэлефануюць нават незнаёмыя людзі і пытаюцца, чым дапамагчы», — кажа Яніна Пушкіна.

Актывіст з Гомеля Ілля Міронаў напісаў у Фэйсбуку, што атрымаў ад Алеся Пушкіна выяву з аўтапартрэтам. Ліст быў напісаны мастаком яшчэ ў Гродзенскім СІЗА. Як піша Пушкін, калі ў яго з’явіліся вошы, то «прыйшлося прыняць радыкальныя меры». З малюнка відаць, што мастак пагаліў галаву.

4d304dca0c586b060c3ab813cad06597.jpg


«Цяпер я ў спецвопратцы “Белрэстаўрацыя”, якую мне паспелі ўкінуць у міліцэйскую машыну пры арышце 30 сакавіка ў вёсцы Жылічы, у Палацы Булгака, дзе я працаваў», — піша Пушкін.

30 сакавіка мастака затрымалі ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна, дзе ён працаваў на рэстаўрацыі палаца Булгакаў. Ён фігурант крымінальнай справы, якую пачала гарадзенская пракуратура па ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варожасці). Па словах пракуратуры «за здзяйсненне наўмысных дзеянняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызму».

Падставай для гэтага стаў партрэт антысавецкага падпольшчыка з аўтаматам на плячы, які быў выстаўлены ў Цэнтры гарадскога жыцця ў Гродна. Спачатку Алеся Пушкіна змясцілі ў Гродзенскі СІЗА, а потым перавялі ў Мінск.