Алесь Бяляцкі: Грамадства прыгнечана ўладай
Ёсць агульная прыгнечанасць грамадства ўладай, бо ўсе гады эпізадычна каралі «парушальнікаў» за тое, што фактычна гарантавана правам — удзел у мірных сходах, распавёў Алесь Бяляцкі.
Праваабаронца Алесь Бяляцкі падсумаваў вынікі акцый, што праходзілі ў Мінску, удзельнікі якіх пратэставалі супраць інтэграцыі з Расіяй, і падзяліўся высновамі ў эфіры “Радыё Рацыя”:
— Ці былі затрыманні падчас акцый?
— Па нашых дадзеных і па тым, што людзі звычайна, калі адбываюцца такія выпадкі, то даюць інфармацыю, пішуць пра гэта ў сацыяльных сетках, то пакуль што,здаецца,ніхто не быў затрыманы. Пасля першага дня акцыі, калі людзі сабраліся і,нягледзячы на папярэджанні,прайшліся па праспекце туды-сюды, затрыманняў не было. Стала зразумела, што, мабыць, і ў наступны дзень усё абыдзецца без затрыманняў.
Але гэта яшчэ не пра што не сведчыць, у міліцыі ёсць два месяцы на складанне пратаколаў, я не здзіўлюся калі пад Каляды арганізатары гэтых акцый і актыўныя ўдзельнікі атрымаюць такія „калядныя сюрпрызы” ад нашага Міністэрства ўнутраных спраў.
— Ці можна знайсці ў гэтым нейкую логіку?
— Нягледзячы на тое, што затрыманняў не было, тым не менш у бліжэйшыя дні суды адбудуцца. Сёння, у сераду і ў наступныя дні будуць суды па папярэдняй актыўнасці — падчас парламенцкіх выбараў. Некалькі дзясяткаў людзей атрымалі позвы, адбыўся такі ўсплёск пераследу грамадзянскіх актывістаў пасля выбараў. Таму не думаю, што гэта звязана са зменай кіраўніка, хутчэй за ўсё, гэта тактыка кабінета кіраўніка дзяржавы, загады ідуць адтуль.
Учора-пазаўчора акцыі былі такой казырнай картай у руках Лукашэнкі, якую ён трымае на ўсялякі выпадак пры перамовах з Пуціным.
— Як бы вы ахарактарызавалі настрой акцый?
— Настрой добры. Людзі сабраліся, значная частка людзей — маладыя твары, але так заўсёды пры пэўнай палітычнай актыўнасці. З’яўляюцца новыя людзі, але, на жаль, потым яны і сыходзяць вельмі часта пасля спаду актыўнасці. Тым не менш усё роўна гэта паказальнік таго, што, нягледзячы на агульнае расчараванне, на агульны ўзровень страху — бо, я думаю, што прыйшоў адзін з 20-ці тых, хто хацеў, ці тых, хто выстаўляў аватаркі ў Фэйсбуку “Я за незалежнасць”. Іншыя па розных прычынах не прыйшлі.
Мне падаецца, што ёсць агульная
прыгнечанасць грамадства ўладай, бо ўсе гады эпізадычна каралі “парушальнікаў”
за тое, што фактычна гарантавана правам — удзел у мірных сходах. Нягледзячы на
гэта людзі выйшлі ўчора і пазаўчора, але людзей магло быць больш.