«Калі б гісторыю ў школах выкладалі па-беларуску, плошча была б запоўнена ад краю да краю»
За 25 гадоў знаходжання Аляксандра Лукашэнкі ва ўладзе мне шмат разоў давялося бываць на мітынгах і шэсцях. Апошнія падзеі ў Мінску, прысвечаныя абароне Незалежнасці краіны, былі для мяне асаблівымі.
Узнікла спадзяванне, што на гэты раз розныя палітычныя сілы змогуць аб’яднацца. Нягледзячы на вострую тэму, вялікай колькасці грамадзян на акцыі я не чакала, паколькі заяўлены мітынг не меў дазволу. Таксама адсутнічалі інфармаванне жыхароў Мінска па паштовых скрынках, ніхто не распаўсюджваў улёткі «з рук у рукі». Інфармацыя была толькі ў інтэрнэце. Паколькі на пачатку мерапрыемстваў 7 снежня людзей на плошчы сабралося няшмат, было крыху боязна і шкада гэтых патрыётаў, якія зноў ахвяравалі сваім здароўем і заробкамі пры малой падтрымцы грамадзян. Аднак ужо праз хвілін 20 мой настрой змяніўся, бо народ пачаў падцягвацца. Сярод іх я пабачыла некалькі знаёмых ветэранаў барацьбы за незалежнасць і шмат незнаёмых, зусім маладых людзей, з якімі ўдалося пагутарыць. 8 снежня яны зноў прыйшлі на плошчу.
Дзіяне Мікульскай 70 гадоў. У пачатку 90-х была загадчыцай канцылярыі БНФ. Прысутнічала на пляцы Леніна падчас абвяшчэння Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у 1990 годзе.
— Добра памятаю той дзень, тую эйфарыю, якая панавала сярод людзей. Захліствала радасць, што прысутнічаем у такі гістарычны дзень, — успамінае змагарка за незалежнасць краіны. — Здавалася, што гэта ўжо назаўсёды. Прыкра, канешне, што так здарылася з Радзімай. Але я веру, што наш народ прачнецца. Ён ужо прачынаецца, паглядзіце, колькі тут маладых разумных юнакоў і дзяўчатак. Не, не загіне край наш родны. Думаю, многія пакуль не адчуваюць сур’ёзнасці моманту, не вераць у магчымасць знікнення краіны. Падчас пікетаў у падтрымку кандыдата ў дэпутаты Ірыны Халіп людзі казалі: «Нічога такога не будзе, не прыдумляйце». Думаю, што калі Пуцін моцна націсне на краіну, то народ аб’яднаецца.
Вераніка, 25 гадоў, выкладае расійскую мову.
— Я прыйшла, таму што мне не ўсё роўна. Падтрымліваю акцыю за суверэнітэт дзяржавы, — гаворыць дзяўчына. — Бацькі мяне не вельмі падтрымліваюць, але ў мяне былі добрыя настаўнікі гісторыі ў школе і ва ўніверсітэце. Таксама вялікі след у свядомасці пакінула настаўніца беларускай мовы, якая падрабязна тлумачыла складанасці пошукаў беларусамі сваёй ідэнтычнасці ва ўмовах расійскага каланіяльнага панавання, эмацыйна распавядала на ўроках літаратуры пра неабходнасць быць беларусамі. Каб такіх настаўнікаў было паболей, дык плошча была б запоўнена моладдзю ад краю да краю, — лічыць маладая настаўніца.
Маргарыце 20 гадоў, вучыцца ў педагагічным універсітэце і адначасова падпрацоўвае ў адной з мінскіх школ выхавальнікам у групе падоўжанага дня.
Дзяўчына распавяла, што на парламенцкіх выбарах не выканала рэкамендацыю дэкана прагаласаваць датэрмінова, і цяпер ён коса на яе паглядае.
— Усе студэнты нашай групы паслухмяна выканалі распараджэнне кіраўніка факультэта, многім усё роўна, — распавяла Маргарыта. — Студэнты педагагічнага факультэта мала цікавяцца палітыкай і праблемамі незалежнасці. Не разумеюць, што мы можам стаць часткай Расіі. Ніхто з апазіцыі не праводзіць інфармацыйна-прапагандысцкай працы з студэнтамі дзяржаўных устаноў. Лічу, што трэба даваць болей інфармацыі, пры гэтым яна павінна быць разумнай, пабудаванай на аргументах і фактах, без істэрыкі. На мой погляд, пакуль слаба выкарыстоўваюцца магчымасці інтэрнэта. А гэта трэба тэрмінова рабіць, пакуль інтэрнэт не зачынілі.
Да сямідзесяцітрохгадовай патрыёткі Ніны Багінскай было цяжка прабіцца праз натоўп жадаючых зрабіць з ёй сэлфі. Пад тронак, на якім трымаўся сцяг, прыстасавана складная рыбацкая вуда. Спадарыня Ніна з гонарам распавяла, што вуду ёй удружылі маладыя сябры, і цяпер ёй стала лягчэй выносіць сцяг на мерапрыемствы. Ніна Багінская па сваёй звычцы актыўна працавала з міліцыянтамі, распавядала ім пра неабходнасць служыць народу, а не сям ‘і крымінальнага кіраўніка.
— Гляджу ў будучыню з верай з-за свядомай моладзі, шэрагі якой павялічваюцца, нягледзячы на пагрозы рэпрэсій. Расце пакаленне новых Каліноўскіх, — робіць высновы беларуская патрыётка. Ніна Багінская лічыць, што інкарпарацыя Беларусі не адбудзецца, бо ў самой Расіі хутка пачнуца сур’ёзныя нацыянальныя праблемы, звязаныя з рухамі ўдмуртаў, татараў, башкіраў і іншых народаў.
Дзяўчынка Яна вучыцца на першым курсе лінгвістычнага ўніверсітэта. Ёй усяго 18 гадоў. Пабойваецца крыху непрыемнасцей з-за ўдзелу ў акцыі, але кажа, што сюды яе пазвала сумленне. У Яны таксама была выдатная настаўніца гісторыі ў школе. Бацька з дзяцінства прывучыў глядзець навіны і абмяркоўваць іх. Яна не была сведкам змагання за дэмакратыю і Незалежнасць краіны ў 90-х, вывучала гісторыю змагання беларусаў за сваю дзяржаву па добрых пазакласных кнігах. Гісторыю ў школе вучыла на рускай мове, бо скончыла рускамоўную гімназію. Імкнецца размаўляць па-беларуску. Хоча, каб беларуская мова атрымала рэальны статус дзяржаўнай мовы. Кажа, што дзяўчат па блоку ў інтэрнаце яе беларускасць раздражняе, але яна не здаецца.
Пасля мітынгаў і шэсцяў 7—8 снежня я пацікавілася школьным падручнікам па гісторыі Беларусі для 8 класа — падобным на той, па якому Яна вывучала паўстанне Кастуся Каліноўскага і вынікі русіфікатарскай палітыкі Расіі ў Беларусі. З падручніка практычна выдалена ўсё, што магло б жывіць нацыянальную свядомасць. Калі ў звароце Каліноўскага, напісаным на лацініце па-беларуску гаворыцца пра «маскаля», то ў перакладзе гэты абзац выдалены. Кастусь падаецца толькі як змагар супраць паноў. Падручнік не толькі рускамоўны, але і адпавядае расійскаму пункту гледжання на гісторыю нашай краіны. Сапраўды, у Яны быў добры настаўнік, які здолеў дапамагчы дзяўчынцы развіць здаровы беларускі патрыятызм.
Гледзячы на тое, як моладзь з гонарам несла бел-чырвона-белыя сцягі праз цэнтр горада, мне падалося, што ў Беларусі нарастае новая хваля Адраджэння. Значная частка моладзі здолела прабіцца праз русіфікатарскі адукацыйны бетон і яна не дапусціць нецывілізаванага сярэдневяковага панавання адной дзяржавы над другой.