Алан Сміт аб'явіў галадоўку

Грамадзянін Вялікабрытаніі, які знаходзіцца ў беларускай калоніі, 20 чэрвеня абвясціў галадоўку. Аб гэтым паведаміла жонка Алана Сміта на сваёй старонцы ў Facebook.

alan.jpg


Галадоўка пачалася 20 чэрвеня ў ПК-3, патрабаванні Алана невядомыя. "Гэта шакуючыя і вельмі стрэсавыя навіны. Толькі Бог ведае, што адбываецца ў гэтай турме", — кажа жонка Алана Магдалена.

Магдалена распявала НЧ тое, што ёй вядома на дадзены момант.
— Як вы даведаліся аб галадоўцы?
— Аб гэтым паведамілі сем'і іншых зняволеных — мы абменьваемся інфармацыяй.
— Алан зараз знаходзіцца ў бараку ці ў штрафным ізалятары?
— Ён у бараку, але ягоны лепшы сябра з гэтай калоніі знаходзіцца ў ШІЗА. Магчыма якраз за тое, што камунікаваў з Аланам.
— У чым можа быць прычына таго, што Алан пачаў галадоўку?
— Некаторы час таму яму адмовілі ў перадачы, якая дазволеная яму па законе. Але думаю прычына ў чымсьці большым. Яго ўжо пакаралі, пазбавіўшы дыетычнага харчавання, забараніўшы хадзіць у спортзал. Таксама яму нельга працаваць і тэлефанаваць, не дазваляюць перапіску. Я атрымлівала ад яго апошні ліст у лютым. Нават ягоныя лісты на адрас Лукашэнкі і ў Вярхоўны суд не выходзяць з калоніі. Алан вельмі разумны, і думаю што калі ён пачаў галадоўку, на гэта былі сур'зныя прычыны.

Алан Сміт быў абвінавачаны ў арганізацыі незаконнай міграцыі праз беларускую мяжу і ў 2016 годзе быў прысуджаны да 2 гадоў пазбаўлення волі. У судзе сваю віну не прызнаў.
Як пісала Радыё Свабода, 45-гадовы Алан Сміт родам з Курдыстану, жыў у Лондане. Разам з жонкай яны мелі ў Польшчы кампанію, якая займалася наладжваннем бізнес-сувязяў курдскіх і еўрапейскіх бізнесоўцаў і арганізоўвала ў Еўропе лекаванне пацыентаў з Блізкага Усходу. Прыехаўшы ў Беларусь, Сміт дапамагаў грамадзянцы Курдыстану, інвалідцы, якая законна, па візе, прыбыла ў Беларусь, аформіць дазвол на знаходжанне ў Беларусі. Пазней высветлілася, што тая жанчына, разам са сваёй сям’ёй — усяго 6 чалавек — збіраліся міграваць далей у Еўрасаюз. Алану, які не меў дачынення да перасячэння імі мяжы, інкрымінавалі арганізацыю незаконнай міграцыі. У судзе сваю віну Алан не прызнаў, смела заявіўшы аб ужыванні за кратамі катаванняў.

Адсядзеўшы ўжо больш за палову тэрміну, Алан Сміт атрымаў адмову ў умоўна-датэрміновым вызваленні, таму што яму выносяцца дысцыплінарныя спагнанні (напрыклад "за парушэнне формы адзення") і не ён прызнаў сваю віну. Праваабаронцы і жонка Алана паведамляюць аб шматлікіх парушэннях яго правоў у калоніі: знявагах з боку адміністрацыі, пазбаўлення медыцынскага абслугоўвання, абмежаванні перапіскі.