«За тое, што апрануў цёплыя штаны, ён мусіць сядзець яшчэ 6 месяцаў?»

У беларускай турме дагэтуль знаходзіцца грамадзянін Вялікабрытаніі Алан Сміт. Мы атрымалі ліст ад яго жонкі Магдалены, у якім яна піша, што Алану патрэбна дапамога, ён знаходзіцца ў небяспецы.

Алан Сміт і Магдалена

Алан Сміт і Магдалена

У якасці пакарання ён быў пазбаўлены камунікацыі з блізкімі. Цяпер стала вядома, што Алана збіраюцца перавесці ў ізалятар.
«Гэта пакаранне — мэтанакіраваная акцыя, «правіна» толькі нагода. Згодна з кіраўніцтвам турмы, Алан надзеў няправільныя штаны. Але ўсё адзенне, якое ён мае пры сабе, папярэдне было дазволена турэмнай адміністрацыяй. Яму проста было халодна, бо ён цяжка пераносіць халоднае надвор'е. Мы нават ніколі не ездзілі ў Польшчу зімой, бо Алан ненавідзіць холад і заўсёды хварэе ад яго. Таму яму так цяжка выжыць там», — піша Магдалена.

Ён вельмі прыгнечаны і не атрымлівае ніякіх лістоў ці паштовак, яму не дазволены тэлефонны званок ці візіт сям'і. Паводле адваката, адміністрацыя турмы заяўляе, што ў Алана няма перашкодаў ў тым каб патэлефанаваць ці напісаць ліст. Алан напісаў шмат лістоў у Амбасаду Брытаніі з просьбамі пра дапамогу. Але Амбасада ніколі не атрымлівала гэтых лістоў, сцвярджае Магдалена.
«Тое што з ім робяць — гэта катаванне. Яны адабралі яго свабоду, правы і зараз яны забіраюць нават той невялікі кантакт, які мы мелі праз тэлефон ці лісты».


Магдалена распавядае, што яна таксама дасылала паштоўкі некаторым іншым вязням ПК-3. Гэтым людзям турэмная адміністрацыя потым задавала пытанні, чаму яна гэта рабіла. «Гэта быў проста жэст падтрымкі. Я не супраць вашай краіны, мне вельмі падабаецца беларускі народ, але ваша сістэма не ў парадку. Алан спрабуе змагацца за правы чалавека не толькі для сябе, але і для іншых, за гэта яго караюць».
«Адвакат не ведае, чаму яму адмаўляюць у датэрміновым вызваленні. Толькі за тое, што апрануў цёплыя штаны, ён мусіць сядзець яшчэ 6 месяцаў? Можна толькі ўяўляць, як цяжка гэта для яго — быць там без аніякага кантакту з сям'ёй, ва ўмовах калі ўсіх сяброў перавялі, такім чынам ён не можа ні з кім камунікаваць. З лістапада яму адмоўлена ў перадачы кніг і газет. Але ж гэта базавыя патрэбы.
Ужо даўно брытанская амбасада прасіла для яго магчымасць сустрэцца з акулістам, бо яго зрок пагаршаецца. Цяпер, напэўна, праз гэтае пакаранне ён не атрымае медычную дапамогу. Я папрасіла брытанскага консула, каб ён тэрмінова наведаў Алана, але гэта пакуль не адбылося...»
Мы будзем сачыць за развіццём падзей.
Вы можаце падтрымаць Алана Сміта лістамі ці паштоўкамі:
Беларусь, 211300, Віцебская вобласць, Віцебскі р-н, п. Віцьба, ВУ ДВП «ВК №3», атрад №5