Акцыя салідарнасці ва Уроцлаве: Верым, што ўсе нявінна асуджаныя хутка выйдуць на волю
Увечары 14 снежня ва Уроцлаве адбылася акцыя салідарнасці. Яна была прысвечана «суду», які сёння адбыўся ў Гомельскім СІЗА. Беларусы пратэставалі супраць жорсткіх і несправядлівых прысудаў, агучаных у Беларусі Сяргею Ціханоўскаму, Мікалаю Статкевічу, Ігару Лосіку, Арцёму Сакаву, Уладзіміру Цыгановічу і Дзмітрыю Папову.
Згодна з выракам суда, удзельнікі так званай “групы Ціханоўскага” атрымалі 92 гады на ўсіх. 18 гадоў зняволення — такі прысуд атрымаў Сяргей Ціханоўскі, які, як і шматлікія беларусы, марыў пра “краіну для жыцця” і нават хацеў паспрабаваць яе пабудаваць.
Беларусы Уроцлава падтрымліваюць нявінна асуджаных і вераць, што неўзабаве адбудзецца і сумленны суд, а нявінна асуджаныя не правядуць столькі год за кратамі. Скончылася акцыя выкананнем “Муроў” у перакладзе Сяргея Ціханоўскага.