Дыджэяў, што ўключылі «Перемен» на праўладнай імпрэзе ў Мінску, знайшліся ў турме на Акрэсціна (абноўлена)

«Перемен» стала апошняй песняй на Дні адчыненых дзвярэй установаў дадатковай адукацыі, які раённыя ўлады ладзілі ў Кіеўскім скверы ў Мінску 6 жніўня, паведамляе «Свабода».

Супрацоўнікі Палацу дзяцей і моладзі Уладзіслаў Сакалоўскі і Кірыл Галанаў

Супрацоўнікі Палацу дзяцей і моладзі Уладзіслаў Сакалоўскі і Кірыл Галанаў

На імпрэзу прыйшлі людзі, якія не змаглі трапіць на мітынг-канцэрт кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, што не далі правесці ў парку Дружбы народаў паблізу — пляцоўкі занялі вайскоўцы пад Дзень чыгуначных войскаў.

Супрацоўнікі Палаца дзяцей і моладзі Уладзіслаў Сакалоўскі і Кірыл Галанаў увечары 6 жніўня ўключылі песню «Перемен» Віктара Цоя, перабіўшы выступ баяніста Віталя Варанко. Пасля гэтага хлопцы паднялі ўгару рукі з белымі бранзалетамі. Іх учынак людзі сустрэлі авацыямі і воплескамі.

У дэпутата Палаты прадстаўнікоў Сяргея Клішэвіча адбылася спрэчка з гукарэжысёрамі. Клішэвіч назваў дзеянні маладзёнаў правакацыяй. Неўзабаве да стала з тэхнікай падышлі мужчыны ў касцюмах і АМАП. Далейшы лёс дыджэяў быў невядомы.

Брат Кірыла Галанава Мікіта раніцай паведаміў «Нашай ніве», што пайшоў пісаць у РУУС заяву аб знікненьні, а яму далі нумар тэлефона Цэнтру ізаляцыі парушальнікаў на Акрэсціна. Там пацвердзілі, што Кірыл у іх, але прычыну затрымання не назвалі — паведамілі толькі, што суд пройдзе 7 жніўня.

Лёс Улада Сакалоўскага быў невядомы.

У жывым эфіры “Свабоды” Сакалоўскі казаў, што раніцай даведаўся, што мусіць працаваць на Дні дадатковай адукацыі ў Кіеўскім скверы. Малады чалавек дамовіўся з напарнікам, каб уключыць песню «Перемен» Віктара Цоя. Ён быў упэўнены, што гэта іх апошні працоўны дзень у Палацы дзяцей і моладзі.

Улады занялі ўсе пляцоўкі, вылучаныя для агітацыі ў Мінску, рознымі мерапрыемствамі. Гэткім чынам яны сарвалі анансаваны мітынг Святланы Ціханоўскай у парку Дружбы народаў на плошчы Бангалор.

Замест яго там святкавалі Дзень чыгуначных войскаў. Святлана Ціханоўская з паплечніцамі вырашыла пасля гэтага наведаць адно з афіцыйных мерапрыемстваў у Кіеўскім скверы а 19-й гадзіне.

* * *

Пазней TUT.BY паведаміў, што ўвечары 6 жніўня Уладзіслаў Сакалоўскі і Кірыл Галанаў былі дастаўленыя ў Цэнтральны РУУС Мінска.

"Калі мы ўжо былі ў міліцыі, пачулі, як абмяркоўваліся артыкулы, па якіх іх збіраліся даставіць. Здаецца, арт. 17 (арт. 17. 1 «Дробнае хуліганства») і непадпарадкаванне (арт 23.4 КаАП). Хлопцы здаваліся збітымі. У высокага чалавека з доўгімі валасамі (Уладзіслава. — Заўвага TUT.BY) лоб і вочы былі прама чырвонымі-чырвонымі. У другой адна палова твару была чырвонай, і ён прыкладваў бутэльку, каб не было ацёку", — распавядае tut.by відавочца Карына Ласкавец.

Як стала вядома валанцёрам Валанцёрскай службы "Вясны", Кірыла Галанава і Уладзя Сакалоўскага судзяць 7 жніўня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска. Іх абвінавачваюць па арт. 17.1 КаАП і 23.4 КаАП: дробнае хуліганства і непадпарадкаванне.

www.svaboda.org, spring96.org