«Аднакамернік быў з тэмпературай»: мужчына пасля «сутак» у ІЧУ захварэў і памёр. У яго аказаўся COVID-19
У Асіповічах пасля двух тыдняў хваробы з COVID-19 памёр 57-гадовы Сяргей Шчацінка. Інфекцыю, лічыць яго жонка Ала, мужчына падхапіў у ізалятары часовага ўтрымання, куды яго адправіў суд, прызнаўшы вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве: яны з жонкай і яшчэ некалькімі людзьмі фатаграфаваліся ў парку. Пры гэтым у пасведчанні прычына смерці Сяргея Шчацінкі не ўказаная, паведамляе TUT.BY
Ала Шчацінка распавядае, што іх з мужам затрымалі 12 лістапада: яе — на працы, яго — дома. Напярэдадні вечарам яны фатаграфаваліся ў гарадскім парку, і мужа, па словах жанчыны, вылічылі па яркай куртцы — па запісе з відэакамер рэстарана.
З РАУС Алу выпусцілі, а Сяргея адправілі ў ІЧУ. На наступны дзень быў суд, які прызнаў мужа і жонку вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Алу аштрафавалі на 10 базавых велічынь (270 рублёў). Сяргею прызначылі пакаранне ў выглядзе 10 сутак пад арыштам.
Арышт Сяргей адбываў у Асіповіцкім ІЧУ і выйшаў на волю днём 22 лістапада — гэта была нядзеля. Па словах жонкі, ён ужо тады казаў, што адчувае сябе так, быццам падхапіў прастуду. І распавёў, што каля сутак быў у адной камеры з мужчынам, у якога была высокая тэмпература і якога падсялілі да іх часова, а пасля перавялі ў іншую камеру.
У сераду, 25 лістапада, Сяргей дрэнна адчуваў сябе на працы, але ў паліклініку паехаў пасля працоўнага дня. У яго была падвышаная тэмпература — каля 38,7 °С, працягвае Ала Шчацінка. Яму адкрылі бальнічны ў гэты ж дзень, узялі мазок з насаглоткі для аналізу ПЦР. Ала прайшла гэтую ж працэдуру на наступны дзень — яна таксама адчула сябе дрэнна і лічыць, што заразілася ад мужа.
У мужа і жонкі быў станоўчы тэст на каронавірусную інфекцыю.
Наступныя два тыдні Шчацінкі правялі дома. Адзін раз Ала выклікала хуткую для мужа: ён скардзіўся на боль у грудзях, у яго была высокая тэмпература. Брыгада лекараў збіла тэмпературу, але ў шпіталізацыі адмовіла: па іх словах, для гэтага не было падстаў.
Роўна праз 2 тыдні пасля першага прыёму Сяргей Шчацінка пайшоў у паліклініку — 9 снежня лекар хацеў закрываць бальнічны. Сяргей, кажа жонка, папрасіў падоўжыць яго да пятніцы:
— Сяргей патлумачыў лекару, што адчувае сябе не вельмі добра. Да таго ж у яго праца на вуліцы: ён быў слесарам, рабіў стропальныя працы — працаваў на Асіповіцкім заводзе жалезабетонных канструкцый. Сяргей сказаў урачу: «У чацвер калі выйду на працу, у пятніцу зноў да вас прыйду». І лекар падоўжыла бальнічны да панядзелка.
У пятніцу, 11 снежня, Сяргей памёр. Па словах жонкі, ён пайшоў з сынам мяняць колы ў машыне, войкнуў, упаў — і ўсё. У пасведчанні аб смерці ўказана, што прычына смерці невядомая: код R99 расшыфроўваецца як «іншыя недакладна пазначаныя і неўдакладненыя прычыны смерці» (копія дакумента ёсць у рэдакцыі TUT.BY).
Па словах жонкі, нейкіх сур'ёзных праблем са здароўем у яе мужа раней не было. Але жанчыне сказалі, што для ўстанаўлення прычын смерці матэрыялы адправілі на экспертызу ў Магілёў, яе вынік будзе месяцы праз два.
— Я не ведаю, што яшчэ рабіць, — кажа ўдава. — Адзінае, што я зрабіла, гэта настаяла на тым, каб лекар у паліклініцы хоць бы мне прызначыла дадатковыя аналізы. Каронавірус даў мне ўскладненні на кішэчнік, печань. Сяргею — на лёгкія, мабыць: падчас бальнічнага яму рабілі КТ, якая паказала паражэнне 25% лёгкіх, але ўтрыманне кіслароду было ў норме.
Праз 3 дні пасля смерці Сяргея Шчацінкі яму на працу прыйшло паведамленне пра аплату часу знаходжання ў ізалятары. Жонка пакуль не ведае, ці трэба будзе ёй плаціць — з улікам новых абставінаў.
Паводле tut.by
Пераклад НЧ