«Абяцалі 15 сутак». Студэнт распавёў пра затрыманне на выбарчым участку

Учора, 27 лютага, студэнт МДЛУ прыйшоў на выбарчы ўчастак для галасавання з украінскім сцягам на плячах. На ўваходзе ўчастка стаялі тры супрацоўніка міліцыі: адзін быў у форме, двое — у цывільным. Таму затрымалі хлопца яшчэ да таго, як ён паспеў прагаласаваць.

Ілюстрацыйнае фота: аўтазакі ля аднаго з участкаў для галасавання ў Мінску 27 лютага 

Ілюстрацыйнае фота: аўтазакі ля аднаго з участкаў для галасавання ў Мінску 27 лютага 

На студэнта адразу выклікалі АМАП. На відэа, якое знялі відавочцы, бачна, як хлопца ў бус вядуць трое сілавікоў. У бусе разам з ім былі два чалавекі, якіх затрымалі за стужачкі ў блакітна-жоўтых колерах. Па дарозе ў РУУС амапаўцы запытвалі ў затрыманых, чаму яны не выходзяць на пікеты са сцягамі ў Кіеве. Акрамя гэтага, у бусе адзін з сілавікоў здымаў студэнта на відэа і запытваў, што за сцяг на яго плячах і прасіў назваць свае асабістыя даныя.
Ва ўпраўленні затрыманых пасадзілі ў актавую залу, дзе ўжо было каля 10 чалавек. Хлопец распавёў, што «рукі ўсім звязалі сцяжкамі за спінай і паабяцалі не менш за 15 сутак адміністрацыйнага арышту».
У 2020 хлопца ўжо затрымлівалі і моцна збілі. Тады яму дыягнаставалі чэрапна-мазгавую траўму з субарахноідальным кровазліццём, таму да гэтага часу ён вымушаны прымаць неабходныя лекі. Ва ўпраўленні ён пра гэта паведаміў і, калі хлопца пачало калаціць і ён страціў прытомнасць, яму вызвалі хуткую дапамогу. З РУУСа хлопца даставілі ў лякарню і пакінулі на абследаванне. Цяпер ён адчувае сябе дрэнна, баліць галава.
Хлопец адзначыў, што яго затрыманне бачыў асабіста начальнік упраўлення выхаваўчай працы з моладдзю МДЛУ Ігар Пучэня, які ніяк на гэта не адрэагаваў.