Суддзя адпраўляе затрыманых учора на суткі і зычыць ім удачы
У судзе Партызанскага раёна разглядзелі справы чатырох мінчукоў, якіх абвінавацілі ў «непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі» па арт. 24.3 КаАП. Ва ўсіх арыштаваных ёсць непаўнагадовыя дзеці.
Лекару Дзмітрыю Маркелаву суддзя Міхаіл Макарэвіч прызначыў 14 сутак арышту. На судзе мужчына распавёў, што яны з жонкай ішлі ў бок вуліцы Якуба Коласа, калі да іх пад’ехалі аўтобусы з амапаўцамі. Сілавікі папрасілі паказаць дакументы для высвятлення асобы. Пасля чаго камусьці патэлефанавалі і вырашылі ўсіх затрымаць.
«14 арышту. Улічваючы, што ў вас малое дзіця. Усё, поспехаў вам», — закончыў суддзя Макарэвіч.
Супрацоўніка Мінскага трактарнага завода Сцяпана Казанава затрымалі на выбарчым участку за тое, што ён нібыта сапсаваў бюлетэнь. Але пратакол у РУУСе склалі за «адмову прайсці ва ўпраўленне і спробу ўцячы». Па словах хлопца, да яго ў кабінку зайшоў міліцыянт і прапанаваў прайсці з ім. Суддзя арыштаваў хлопца на 12 сутак.
«Усё, можаце быць вольныя, поспехаў вам, да пабачэння», — зноў суддзя падбадзёрыў затрыманага.
33-гадовы Сяргей Шэпелеў на судзе растлумачыў, што абставіны затрымання ён не памятае і цалкам прызнае віну. Сведка-міліцыянт на судзе сцвярджаў, што асабіста бачыў каля РУУСа, як Сяргей аказваў непадпарадкаванне, крычаў і спрабаваў уцячы. У выніку, яго пакаралі 13-сутачным арыштам.
Суддзя Макарэвіч звярнуўся і да Шэпелева: «Усё, поспехаў вам, да пабачэння».
36-гадовага Ягора Харламава затрымалі ўчора на выбарчым участку №33 па «падазрэнні ў пашкоджанні бюлетэня». Але ў Партызанскім РУУСе склалі пратакол за непадпарадкаванне міліцыянтам, як і ў астатніх затрыманых. Вынік — 13 сутак арышту.
І «фірмовая» фраза ў канцы ад суддзі: «Усё, можаце быць вольныя, поспехаў вам, да пабачэння».