Абаронцы Курапатаў рыхтуюцца да згортвання лагеру
Калі інвестар
выканае свае абяцанні, дадзеныя асабіста Дашкевічу, то плот будоўлі прыбяруць
ужо ў панядзелак. Разам з ім знікне і лагер, які за кароткі час паспеў стаць
легендай.
Мінулая ноч у Курапатах прайшла спакойна. Зранку ў лагер прыехаў Зміцер Дашкевіч, каб памаліцца разам з абаронцамі ды прасачыць за паступовай эвакуацыяй будаўнікоў. Гэтым разам з будоўлі прыбіралі бетонныя пліты, наступнай і апошняй на вываз мае быць бытоўка рабочых.
Лагер, у сваю чаргу, таксама рыхтуецца да згортвання. Абаронцы перабіраюць
рэчы, прывезеныя людзьмі за час, які трываў пратэст. Нешта ўласнікі забяруць
назад, нешта прыйшло ў нягоднасць праз шматразовае выкарыстанне або ўмовы
надвор’я.
Інтрыгай дагэтуль застаецца лёс піяніна, якое з’явілася ў лагеры некалькі дзён таму. Час-почас за інструмент сядае нехта з абаронцаў: старшыня БНФ Аляксей Янукевіч, напрыклад, паспрабаваў сыграць “Паланэз” Агінскага, а бард Андрэй Мельнікаў на слых падбіраў рамантычную мелодыю.
Адначасна Дашкевіч просіць не забывацца дапамагаць абаронцам да панядзелку, пакуль лагер стаіць. Напрыклад, запасы дроваў ужо амаль вычарпаныя. Жыццё ж лагеру працягваецца: увечары ў суботу тут мае выступіць музыка Алесь Дзянісаў.
Калі падзеі будуць разгортвацца ў пазітыўным кірунку, то пасля ліквідацыі лагеру абаронцы правядуць талаку ды прыбяруць тэрыторыю. Таксама абгаворваецца варыянт усталявання ва ўрочышчы памятнага “крыжа абаронцаў Курапатаў” 2017 года.