Бітва за Курапаты

Лагер пратэстоўцаў, які паўстаў каля будоўлі па Мірашнічэнкі, 53, побач з урочышчам Курапаты, стаўся цалкам унікальнай з’явай для беларускага палітычнага і сацыяльнага поля. Хто і навошта стаіць у Курапатах дзень і ноч?

kyrvecher__1_of_1__11_logo.jpg

Упершыню інтарэсы абаронцаў нацыянальнай памяці ды жыхароў спальных раёнаў аб’ядналіся, а чыноўнікі разам з інвестарам сустрэлі супраціў.

Каля Мірашнічэнкі, 53 мусіў паўстаць 5-павярховы бізнэс-цэнтр: зямля пад яго была спачатку здадзеная ў арэнду, а пасля прададзеная інвестару сталічнымі чыноўнікамі. Пры гэтым пад будаўнічы праект адмыслова ўрэзалі ахоўную зону мемарыялу ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Курапатах.  Адначасна былі праігнараваныя галасы мясцовых жыхароў, з якімі ніхто нічога не ўзгадняў.

abarona_kurapatau_2017_liava_arciom_11_logo_1.jpg


У выніку, пад самай сцяной МКАДу па дарозе да курапацкіх крыжоў з’явілася будаўнічая пляцоўка, дзе актывісты «Маладога фронту» на чале са Зміцерам Дашкевічам арганізавалі стыхійны пратэст. Пасля боек з будаўнікамі, за якімі з усмешкай назіралі супрацоўнікі МУС у цывільным, здымаючы ўсё на камеры, пратэстоўцы ўтварылі побач з будоўляй свой лагер — фарпост пратэсту супраць карупцыі ды знявагі нацыянальнай памяці.

kyrvecher__1_of_1__12_logo.jpg

Зараз, калі ўжо заканчваецца другі тыдзень супрацьстаяння, абаронцы Курапатаў кажуць, што тут «робіцца гісторыя ды гартуецца грамадзянскі чын». Чаму? Абарона Курапатаў–2017 — гэта не спроба рэвалюцыі, паўстання ці «трэніровачнага майдану». Не! Рэвалюцыя — гэта змена палітычнай улады, тут жа гаворка ідзе пра адстойванне сваіх правоў: як права на памяць ды вечны спакой забітых у 1930-я гады, так і правоў сучасных жыхароў Зялёнага Лугу.

kyrvecher__1_of_1__2_logo.jpg

«Прабачце, але канкрэтна на гэтым месцы нікога не расстрэльвалі!» — скажуць апаненты. Магчыма, хаця, ці ёсць там парэшткі, дакладна пакажуць толькі даследаванні археолагаў. Але гаворка не пра гэта. Гаворка пра сістэматычнае скарачэнне ахоўнай зоны вакол Курапатаў: спачатку «расстрэльны лес» разрэзалі напалову МКАДам, пасля дзялянку зямлі аддалі пад пабудову «Бульбаш-холу», зараз — яшчэ адзін кавалак адыходзіць пад бізнэс-цэнтр… Колькі можна?

Справа не ў касцях непасрэдна, а ў прынцыпе: «Пакіньце Курапаты ў спакоі!» Да таго ж ёсць панятак гістарычнага ландшафту. Скажам, ці можна ўпрытык да Кургана Славы пабудаваць казіно, альбо сценка-ў-сценку да царквы XVI стагоддзя — «Макдональдс»? Мабыць, можна, але што ўбачаць нашы суайчыннікі ды турысты ў выніку? Бязгусціцу, якая мяжуе з хамствам.

kyrvecher__1_of_1__6_logo.jpg


«Прабачце, — працягнуць недобразычліўцы, — а якая справа «маладафронтаўцам» ды іншым да праблемаў жыхароў Зялёнага Лугу?» Вельмі трапная заўвага, але няслушная. «Маладафронтаўцы» ніколі не змогуць вырашыць праблемаў мясцовых жыхароў без саміх жыхароў. Яны могуць толькі дапамагчы.

Падаецца, што жыхары раёна гэта таксама разумеюць: таму дапамагалі і дапамагаюць і падчас супрацьстаяння з рабочымі, і падчас функцыянавання лагеру пратэсту — гарачай гарбатай, ежай, цёплымі рэчамі на халодныя ночы. Падыйсці і наўпрост паразмаўляць — гэта таксама дапамога. Асабліва пад ранак, калі пратэстоўцаў менее, а імавернасць паўтарэння нападаў з боку адмыслова нанятых «гопнікаў», як у ноч з 22 на 23 лютага, павялічваецца.

kyrvecher__1_of_1__9_logo.jpg


«Прабачце, — ужо зусім раздражнёна спытаюць крытыкі, — але навошта ўсё палітызаваць?» Зноў жа, цікавая думка, але — міма. Калі Курапаты і «палітызавалі», то акурат у мінулыя дзесяцігоддзі, калі шэсці сюды ладзіла адна палітычная партыя. Калі падчас шэсцяў не давалі слова нікому, апроч прадстаўнікоў згаданай партыі. Калі нават шпакоўні ў курапацкім лесе, вывешаныя «няправільнымі актывістамі» збіваліся, а «няправільныя помнікі» (як помнік забітым палякам) — нішчыліся. Гэта акурат і была спроба «палітызацыі» ды «прыватызацыі» Курапатаў.

Зараз жа ў лагеры абаронцаў ёсць і актывісты, і мясцовыя, і наўпрост неабыякавыя грамадзяне з розных раёнаў Мінска ды нават іншых гарадоў Беларусі (Гродна, Орша, Баранавічы, Жодзіна, Светлагорск і г.д.). Тут няма партыйных сцягоў ці «антыдзяржаўных лозунгаў». А самае галоўнае — пытанне, якое тут вырашаецца, тычыцца выключна карупцыі ды знявагі памяці продкаў.

kyrvecher__1_of_1__logo.jpg


Калі ж у лагер на паўгадзінкі прыязджаюць некаторыя апазіцыйныя палітыкі, каб паціснуць хлопцам закопчаныя ля вогнішчаў рукі, гэта ўжо пытанне іхнага сумлення. Бо любы сумленны чалавек не можа застацца ўбаку ад таго, што сёння робіцца ля Курапатаў.

Сімвалічна, што мы зноў згадваем Курапаты праз 80 гадоў пасля пачатку «вялікага тэрору». Мабыць, Бог падкідвае нам такія каменьчыкі, каб не забыліся на нешта важнае ды не збіліся са шляху. Безумоўна, Курапаты павінны яднаць нацыю, а не рабіцца нагодай для спрэчак, палітычных разборак ды міфатворчасці.

kyrvecher__1_of_1__17_logo.jpg


Адначасна, Курапаты працягваюць заставацца аголеным нервам народу, які турбуе і не дае спаць па начах у самыя складаныя для краіны часы.

Фота Уладзіслава Рубанава