А1 адкрывае сумесную кавярню з «Інклюзіўным барыста»

Новая ўстанова «Інклюзіўны барыста» адкрыецца ў флагманскім магазіне А1 на Кастрычніцкай плошчы. Амбіцыйную каманду заўважылі дзякуючы пасту ў Facebook і прапанавалі месца для новай кавярні ў самым цэнтры Мінска.

4__1__13.jpg


6 месяцаў таму праект вядомага актывіста-вазочніка Сашы Аўдзевіча шмат каму падаўся альтруізмам, але ніяк не бізнэсам. Нягледзячы на складаны каранавірусны час, калі шмат ўстаноў вымушаны былі закрыцца, першая кавярня «Інклюзіўны барыста» не толькі засталася на плаву, але і перавыканала план па продажы кавы. І вось яна гатовая адкрыць яшчэ адну кавярню ў Мінску. Пра гэта на відэа ў сваіх сацыяльных сетках расказаў дырэктар кавярні Вася Паўлікаў — першы ў Беларусі чалавек з сіндромам Дауна, які кіруе гэтым бізнэсам.

1__1__19.jpg


На відэа 24-гадовы Вася Паўлікаў сцвярджае, што ён ужо перавысіў усе паказчыкі эфектыўнасці, і зараз час рухацца далей. Ініцыятыву падтрымаў уладальнік кавярні Аляксандр Аўдзевіч, які размясціў у Facebook пост з прапановай для магчымых партнёраў альбо арэндадаўцаў. Гельмут Дуз, генеральны дырэктар А1, адным з першых адгукнуўся на ідэю пашырэння бізнесу і прапанаваў сустрэцца для абмеркавання далейшага супрацоўніцтва.
«У хлопцаў з «Інклюзіўнага барыста» ўжо ёсць пастаянныя наведвальнікі, добрая рэпутацыя на рынку, смачная кава, і яны робяць патрэбны для грамадства праект - дапамагаюць ў сацыялізацыі і працаўладкаванні людзей з інваліднасцю. У сваю чаргу, мы ў А1 імкнемся да таго, каб нашы кліенты атрымлівалі лепшае абслугоўванне ў нашых крамах. Нашы мэты і задачы супалі з мэтамі хлопцаў, таму мы запрасілі іх працаваць разам. Ідэя прадаставіць плошчу нашага флагманскага магазіна, які знаходзіцца ў галаўным офісе А1 на Кастрычніцкай плошчы, сапраўды належыць генеральнаму дырэктару, які звярнуў увагу на відэа з удзелам Васі ў Facebook», — кажа кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый А1 Мікалай Брэдзелеў.
Адкрыццё кавярні «Інклюзіўны барыста» запланавана на пачатак лістапада.
«Цягам месяца нас усіх чакае сур'ёзная праца: выбраць мэблю і посуд, узгадніць меню, падрыхтаваць новых супрацоўнікаў да працы. У кавярні ў А1 будуць працаваць чатыры барыста на вазках, пазменна. Дырэктарам кавярні, безумоўна, будзе Вася. Ён не толькі выдатны кіраўнік, але і медыйная асоба, якая прыцягвае новых кліентаў. І мы ўсе хочам, каб кавярня з самага пачатку стала папулярнай сярод мінчан», — кажа Аляксандр Аўдзевіч, аўтар праекта «Інклюзіўны барыста».
Кавярня «Інклюзіўны барыста», на думку яе стваральнікаў, павінна стаць наведваемым месцам, бо знаходзіцца ў самым цэнтры сталіцы, акрамя таго, яна будзе цалкам адаптаваная для наведвальнікаў з абмежаванымі магчымасцямі.
Паводле прэс-рэліза