50 тысяч чалавек сталі ўдзельнікамі Хроснага ходу ў Мінску

Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл і сем кіраўнікоў іншых памесных праваслаўных цэркваў прыбылі з Кіева ў Мінск для сённяшняга ўдзелу ў святкаванні 1025-годдзя хрышчэння Русі.



711.jpg

Фота АР

Святкаванне ўжо адкрылася хрэсным ходам ад храма Святой Марыі-Магдаліны па праспекце Машэрава да Мінскага замчышча. Урачыстая Богаслужба пачалася на месцы старажытнага Мінскага замчышча, куды сабраліся паломнікі і дэлегацыі з 15 краінаў — усяго каля 50 тысячаў праваслаўных вернікаў.

З месца падзей перадае журналістка Беларускага Радыё Рацыя Алена Барэль:

— Разам з Патрыярхам Кірылам прыбылі патрыярх Александрыйскі Фёдар, Патрыярх Ерусалімскі Феафіл, Патрыярх Грузінскі Ілля, патрыярх Сербскі Ірэней, Архіепіскап Кіпрскі Хрызастом, Мітрапаліт Варшаўскі Сава і Мітрапаліт Амерыканскі Ціхан. Высокія госці прывезлі крыж Андрэя Першазванага. Святыню, на якой быў распяты апостал Андрэй, даставілі ў храм Андрэя Першазванага на Малініна 19, дзе ён прабудзе да сённяшняга вечара.

Пасля літургіі на тым жа месцы ў 14.00 пачнецца канцэрт. У 18.00 кіраўнік Рускай Праваслаўнай Царквы ўскладзе вянок да абеліска на плошчы Перамогі. Затым пачнецца ўрачысты канцэрт у гонар 1025-годдзя хрышчэння Русі каля храма-помніка Усіх Святых. На 22.00 запланаваны ад’езд усіх васьмі патрыярхаў з чыгуначнага вакзала.

* * *

У Мінск патрыярх прыбыў з Украіны, дзе быў адной з галоўных асобаў адпаведных святочных мерапрыемстваў з нагоды 1025-годдзя хрышчэння Русі.

Кіраўнік Беларусі гэтае свята не наведаў «па незразумелай прычыне», як гаворыць сустаршыня БХД Павел Севярынец.

— Калі Лукашэнка сцвярджае, што ён праваслаўны, хай сабе і атэіст, калі так шмат пераймаецца пытаннямі царквы, што нават гатовы ініцыяваць яе рэформу, то, на мой погляд, натуральна б было ехаць на гэтыя ўрачыстасці. А як можна святкаваць хрышчэнне Русі, як можна размаўляць пра Евангелле, калі на дзяржаўным узроўні хлусня, страх і гвалт робяцца нормай. Мне як праваслаўнаму вельмі было б цікава пачуць штосьці з боку праваслаўных іерархаў, маральную ацэнку гэтай сітуацыі.

Разам з патрыярхам Маскоўскім у Мінску чакаюць кіраўнікоў і дэлегацыі памесных праваслаўных цэркваў. Дэлегацыя Эладскай праваслаўнай царквы даставіць Андрэеўскі крыж святога Андрэя Першазванага, пасля чаго ён прыбудзе ў храм апостала Андрэя Першазванага, дзе будзе знаходзіцца да раніцы панядзелка.

Беларускае Радыё Рацыя