12 маці вязняў, асуджаных за наркотыкі, пачалі галадоўку
Удзельніцы руху «Маці 328» абвясцілі бестэрміновую галадоўку. Яны дамагаюцца перагляду артыкулаў Крымінальнага кодэксу за ўжыванне наркотыкаў і патрабуюць сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, паведамляе Радыё Свабода.
На лецішчы ў Пухавіцкім раёне пачалі галадоўку 5 маці з руху «Маці З28», якія аб’ядноўвае сваякоў асуджаных за распаўсюд наркотыкаў.
«З апоўначы 7 нашых актывістак пачалі галадоўку ў Калінкавічах. Цяпер і мы. Хто да каго далучаецца, мяркуйце самі, галоўнае, што нас шмат, а будзе яшчэ больш і мы будзем стаяць да канца», — сказала ў пачатку галадоўкі Ларыса Жыгар, лідар грамадскай ініцыятывы.
Паводле яе разлікаў, да галадоўкі праз дзень далучацца яшчэ 3-4 жанчыны, а ўсяго па Беларусі будуць галадаць на знак пратэсту каля 20 чалавек.
Чаго дамагаюцца жанчыны з Руху 328?
«Першае, гэта сустрэчы з прэзидэнтам краіны Аляксандрам Лукашэнкам, бо толькі ён можа нам дапамагчы. Як казалі нам сябры Палаты прадстаўнікоў яшчэ год таму, у 2018 годзе Лукашэнка планаваў з намі сустрэцца. Мяркуем, час прыйшоў», — кажа Людміла К. Яе сын чацвёрты год «сядзіць» ў калоніі Віцьба-3. Яму адбываць пакаранне яшчэ 9 гадоў. Людміла дамагаецца перагляду справы сына.
Гэта другі пункт у патрабаваннях галадоўнікаў — стварэнне камісіі, якая зможа вывучыць і прапанаваць для перагляду справы па 328 артыкуле з 2013 году. Жанчыны мяркуюць, што шмат спраў па гэтым артыкуле сфальшаваныя следствам. Таксама пратэстоўцы мяркуюць, што частка прысудаў прынятыя судамі несправядліва.
Самы галоўны блок патрабаванняў удзельнікаў галадоўкі тычацца лібералізацыі заканаўдаўства, у тым ліку змякчэння пакарання па 328 артыкуле, магчымасці ўжываць амністыю, упарадкаваньні пэўных нормаў уліку наркатычных злачынстваў.
«Як магчыма, што за грам наркотыка і за кілаграм — адны і тыя ж тэрміны? Нехта згодны, што дзеці парушылі закон, але чаму яны атрымалі такія неверагодныя тэрміны — 10 і болей гадоў, якімі людзьмі яны вярнуцца ў нармальнае жыццё? Дайце ім шанец», — заявіла Ларыса Жыгар.
У лагеры галадоўнікаў, які размешчаны на лецішчы, разбіта некалькі намётаў, у тым ліку медыцынскі, дзе будзе наладжаны кантроль за станам здароўя удзельніц галадоўкі.