Да бестэрміновай галадоўкі актывістак «Матчынага руху 328» далучаюцца новыя ўдзельніцы

У Пухавічах і Калінкавічах працягваецца бестэрміновая галадоўка актывістак «Матчынага руху 328», якія патрабуюць змякчэння пакарання для сваіх дзяцей, паведамляе "Радыё Свабода".

8c713619_c0c8_437b_a8d0_440d4d991fd4_w1023_r1_s.jpg

Пад Менскам у галадоўцы ўдзельнічаюць восем актывістак. У Калінкавічах колькасць удзельнікаў галадоўкі вырасла таксама да васьмі чалавек — сёння да іх далучылася жыхарка Жыткавічаў.

Як паведаміла БелаПАН лідар руху Ларыса Жыгар, удзельнікі галадоўкі ўжываюць толькі пітную ваду. На чацвёрты дзень галадання іх самаадчуванне пагоршылася. У некаторых, паведаміла Жыгар, «скача ціск, адзначаецца тахікардыя, кружыцца галава». «Аднак мы маем намер стаяць да апошняга», — заявіла лідэр руху.

Яна паведаміла, што ў Менскай вобласці чыноўнікі пакуль ніяк не рэагуюць на ўдзельнікаў галадоўкі, пры тым што ў Калінкавічах, дзе галадае другая група, жанчын наведаў кіраўнік мясцовага райвыканкаму.

 

Ларыса Жыгар

Ларыса Жыгар

«Ён прапанаваў сустрэчу з кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта Натальляй Качанавай», — расказала Жыгар. Аднак, паводле яе слоў, удзельнікі галадоўкі настойваюць на сустрэчы з тымі высокапастаўленымі чыноўнікамі, ад якіх наўпрост залежыць вырашэнне праблемы: кіраўніком МУС Ігарам Шуневічам, старшынёй Вярхоўнага суду Валянцінам Сукалам, генпракурорам Аляксандрам Канюком, старшынёй Следчага камітэту Іванам Наскевічам, памочнікам прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы Віктарам Лукашэнкам, а таксама кіраўнікамі Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі.

У выніку ўлады Калінкавічаў прапанавалі ўдзельнікам галадоўкі прыйсці 2 траўня а 16-й гадзіне ў Адміністрацыю прэзідэнта, паабяцаўшы, што на гэту сустрэчу будуць запрошаныя чыноўнікі з прапанаванага актывістамі спісу.

Паводле інфармацыі Жыгар, калі ніхто з гэтага спісу не прыйдзе на сустрэчу ў Адміністрацыю прэзідэнта, 2 траўня актывісты «Матчынага руху 328» у Віцебскай і Гарадзенскай абласцях таксама далучацца да галадоўкі.

Актывісты грамадскай ініцыятывы «Матчын рух 328», якая аб’ядноўвае сваякоў асуджаных па артыкуле 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў), абвясцілі бестэрміновую галадоўку 27 красавіка. Мэта акцыі — прыцягнуць увагу ўладаў да неабходнасці змякчэння пакарання па гэтым артыкуле. Бацькі асуджаных таксама патрабуюць стварыць камісію па пераглядзе адпаведных крымінальных справаў пачынаючы ад 2013 году і ўнесці змены ў заканадаўства, у тым ліку для больш шырокага прымянення амністыі і ўмоўна-датэрміновага вызвалення да асуджаных паводле артыкула 328 КК.

 www.svaboda.org