Беларускамоўныя графіці: Хлопцаў збівалі, ім пагражалі, на іх завялі крымінальныя справы
11 жніўня пасля 16 гадзін у Мінску людзі ў чорнай форме з аўтаматамі і шлемамі ўварваліся ў тры розныя кватэры. Маладых жыхароў паклалі тварам у падлогу. У адной з кватэраў хлопцы праляжалі на падлозе каля гадзіны, да іх безпадстаўна ўжывалі электрашокеры. Потым ва ўсіх трох кватэрах прайшлі вобшукі ў межах крымінальных справаў, пра якія маладым людзям паведамілі значна пазней.
Вобшукі праходзілі с парушэннямі: некалькі следчых адначасова пераварочвалі ўсё ў розных пакоях так, што за імі немагчыма было сачыць. У выніку ў маладых людзей вынялі “небясьпечныя” прадметы: кнігі, балёны з фарбай, усе накопленыя грошы…
Вобшукі прайшлі ў тым ліку і ў бацькоў маладых людзей у Мінску і ў Смаргоні. У Смаргоні вынялі кніжку Ігара Аліневіча “Еду в Магадан”. Былі сканфіскаваныя ўсе кампутары.
Пасля вобшукаў было затрымана пяць чалавек, якіх абвінавацілі ў “страшэнных” злачынствах: беларускамоўных графіцях у Мінску яшчэ ў траўні і жніўні 2015 г., а таксама расфарбоўцы сацыяльнага бігборда ў чэрвені 2015 года.
Падазраваным Вячаславу Касінераву, Максіму Пекарскаму, В. (імя прасіў не называць), Яраславу Ульяненкаву і грамадзяніну Расіі Паўлу прад’явілі ўдзел у наступных эпізодах:
1) графіці з надпісам “Беларусь мае быць беларускай”, а таксама выявай арнамэнту, перакрэсленымі сярпом з молатам, свастыкай, іншымі сімваламі і выявамі, што было кваліфікавана, як “наўмысныя дзеянні, якія суправаджаліся пашкоджаннем чужой маёмасці, невысветленымі асобамі, якія груба парушылі грамадскі парадак і выразілі відавочную непавагу да грамадства” і ўзбуджана крымінальная справа па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу — “Хуліганства, здзейсненнае групай асобаў”;
2) графіці на былой вайсковай частцы з надпісам “Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе…”, з выявай сілуэта чалавека, які кідае бутэльку з запальваючай сумессю, што было таксама зкваліфікавана па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу – “Хуліганства, здзейсненнае групай асобаў”.
3) запэцканы фарбай сацыяльны банэр з выявай супрацоўнікаў міліцыі па вул.Гарэцкага ў г. Мінску, што пацягнула матэрыяльную шкоду ІП на суму 2 млн 200 тысячаў беларусіх рублёў — арт. 341 КК - “Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці”.
Цікава, што адразу пасля вобшукаў і затрыманняў хлопцаў адвезлі ў Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗ), і там, парушаючы працэсуальныя нормы і правілы (не прадастаўляючы права на абарону, без складання пратаколаў), пачалі праводзіць “неафіцыйныя” гутаркі, псіхалагічна ціснуць, правакаваць і нават некаторых збіваць.
Туды ж — у ГУБАЗ — пазней падманам выклікалі і сяброўку аднага з затрыманых.
“Я стала тэліць свайму сябру, але замест яго падняў нейкі мужчына, які прадставіўся супрацоўнікам міліцыі і сказаў, нібыта мой сябра наехаў на дзіцёнка на ровары. Запрасіў прыехаць па адрасе: вул. Рэвалюцыйная, 3. Маўляў, “бацькі збітага дзіцяці заяву падалі, мо вы маглі б паспрыяць, каб яны заяву забралі”. Я паехала. Там я даведалася, што сябру і яго таварышаў падазраюць у нейкім крымінальным злачынстве, і ніякага роварнага сутыкнення не было. Там жа задавалі шмат пытанняў супрацоўнікі 4-га аддзелу ГУБАЗу, пагражалі, ціснулі. Ніякіх пратаколаў не складалі, адваката не выклікалі. Пратрымалі дзве гадзіны і ўжо пасля 21 гадзінаў павезлі ў Следчы камітэт (СК) на допыт як сведку. Бліжэй да поўначы, пасля допыту, адпусцілі”, — распавяла Наста Мельнікава.
У гэты ж вечар адпусцілі і двух хлапцоў пад падпіску аб нявыезде — Ульяненкава Яраслава і Паўла. Максіма Пекарскага і В. да гэтага часу трымаюць ў ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ), а Вячаслава Касінерава знайшлі ў шпіталі са падвоеным пераломам сківіцы і пад канвоем. Хлопцы не даюць паказанняў, таму ім пагражаюць, што возьмуць пад варту да суду.
Як распавёў ПЦ “Вясна” Яраслаў Ульяненкаў, у той вечар ён вярнуўся дамоў з працы і праз некаторы час да яго ў кватэру, зламаўшы дзверы, уварваліся людзі з аўтаматамі.
“Мяне павалілі на падлогу, закавалі ў кайданкі і пачалі біць нагамі па целу, па галаве, пагражалі. Потым цягалі па ўсёй кватэры, зацягнулі ў пакой, прымусілі стаць тварам да сцяны. Білі па нагах, каб ногі стаялі максімальна далёка адна ад адной, працягвалі здзеквацца і збіваць. Пасля гэтага “маскі шоў” пачалі сыходзіць, а ў кватэру ўвайшлі супрацоўнікі аператыўнай службы і пачалі ператрус”, — кажа хлопец.
Пазней у Следчым камітэце на Я. Ульяненкава фізічна і псіхалагічна ціснулі, пагражалі непрыемнасцямі і крымінальным тэрмінам, казалі, каб здаў хлапцоў, якія нібыта гэта зрабілі. Дамовіцца з маладым чалавекам пра супрацоўніцтва спрабаваў праз тэлефон і супрацоўнік ГУБАЗу, які прадставіўся Луневічам Ігарам Паўлавічам.
У сваю чаргу дзеянні АМАПу і следчых Яраслаў Ульяненкаў звязвае з набліжаючыміся выбарамі.
“Напярэдадні выбараў усе маладзёвыя рухі, якія супярэчаць ідэялогіі, прысякаюцца, і такім чынам здзейсніваецца ціск на людзей”, — падкрэслівае хлопец.
На дадзены момант усе хлапцы маюць статус падазраваных. У выпадку надання ім статуса абвінавачаных за беларускамоўныя надпісы на сценах, ім паграджае да 6 гадоў зняволення.