Справа Вольгі Нікалайчык зноў адпраўлена на дапрацоўку

Адправіць справу Вольгі Нікалайчык на дапрацоўку з-за хібаў у афармленні пратаколаў аб адміністратыўных правапарушэннях — такі вердыкт вынесла суддзя суда Цэнтральнага раёна Мінска Таццяна Рак 12 жніўня.



20150812_143449_logo.jpg

Вольга Нікалайчык у судзе

Гэта быў ужо трэці разгляд справы Вольгі Нікалайчык за апошнія месяцы. У сераду адзіны сведка з боку органаў аховы правапарадку Паплаўскі на судовае пасяджэнне не з’явіўся на невядомых прычынах — прынамсі, сакратарыят суда пра іх нічога не ведаў.

24 мая 2015 года суд Цэнтральнага раёна сталіцы абвінаваціў Вольгу Нікалайчык і праваабаронцу Кацярыну Садоўскую ў брыдкаслоўі і супраціўленні супрацоўнікам міліцыі (артыкулы 17.1 і 23.4 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях) і пастанавіў арыштаваць Вольгу Нікалайчык на 13 сутак, а Кацярыне Садоўскай прызначылі штраф у амаль 11 мільёнаў рублёў.

У чым справа

29 красавіка рэжысёрку і фрылансера Вольгу Нікалайчык затрымалі каля пасольства Расійскай Федэрацыі падчас перфоманса «касметычка байкераў», прымеркаванага да прыезду байкераў з прапуцінскага клуба «Начныя ваўкі» ў Беларусь.

Вольга Нікалайчык абскардзіла пастанову суда Цэнтральнага раёна ў Мінскі гарадскі суд. 24 ліпеня сталічны суд адмяніў пастанову суда Цэнтральнага раёна па гэтай справе, калі суддзя М. Лапко прыйшоў да высновы, што суд першай інстанцыі не ў належнай меры высветліў, ці было здзейсненае адміністрацыйнае правапарушэнне, альбо вінаватая асоба ў яго здзяйсненні і ці падлягае асоба адміністрацыйнай адказнасці.

Так, не былі ўстаноўлены і не апытваліся грамадзяне, у дачыненні да якіх было здзейснена правапарушэнне, прадугледжанае арт. 17.1 КаАП. Апроч таго, суд звярнуў увагу на той факт, што на відэазапісе камер знешняга назірання, прадстаўленым пасольствам Расійскай Федэрацыі, Вольга Нікалайчык непадпарадкавання супрацоўнікам міліцыі не аказвала, не хапала іх за форменную вопратку, на зямлю не клалася. Таму суд прыйшоў да высновы, што пастанова, вынесеная раённым судом, з’яўляецца заўчаснай, і накіраваў справу на новы разгляд у той жа суд Цэнтральнага раёна сталіцы.

Без сведкі

Сведка Паплаўскі, які стаў галоўным «зачыншчыкам» справы, 12 жніўня на суд не з’явіўся. Але суддзя Рак нібыта не звярнула на гэта ўвагі, хоць прысутныя былі ўпэўнены, што ў такім выпадку разгляд справы можа быць перанесены да з’яўлення ахоўніка амбасады Расіі ў судзе. Суд сапраўды адкладзены, але з іншай фармулёўкай.

Суддзя Таццяна Рак зачытала пратаколы аб парушэннях адміністрацыйнага кодэкса, пасля чаго Вольга Нікалайчык, адмовіўшы сваю віну, хадайнічала пра прагляд суддзёй відэадоказаў. Суддзя Рак іх прагледзела. І на месцы пастанавіла перанакіраваць справу на дапрацоўку, паколькі ўгледзела недахопы і парушэнні ў пратаколах, бо ў іх не было ўказана дакладнае месца здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння і не напісана, каму дакладна рабілі заўвагі.

Сфабрыкаваная справа

Сама Вольга Нікалайчык у сваім выступе на судовым пасяджэнні назвала справу сфабрыкаванай. Паводле яе словаў, ні яна, ні Кацярына Садоўская на зямлю не клаліся, супраціву выкліканым Паплаўскім міліцыянтам і яму самому не аказвалі, у міліцэйскую машыну селі самі, без усялякіх высілкаў з боку праваахоўнікаў. Пры гэтым голасу не павышалі і мацюкамі не лаяліся.

Было відаць, што і відэазапіс, які прагледзела суддзя, сведчыў пра тое, што праўда на баку Нікалайчык, а не Паплаўскага і іншых праваахоўнікаў. Таму і знайшла спадарыня Рак нагоду, каб не браць на сябе адказнасць за вынясенне вердыкту па гэтай справе. І з фармальна-тэхнічных прычын накіравала справу на дапрацоўку.

«Справа яшчэ працягнецца, бо яе накіравалі на дапрацоўку, але відавочна і для іх, і для ўсіх, што справа сфабрыкаваная, што парушаюцца законы, што судоў няма, — сказала «Новаму Часу» Вольга Нікалайчык пасля заканчэння судовага пасяджэння. — Выракі выносяцца па званку. Я не магу сказаць за іншых актывістаў, але мяне гэта ніколі не спыніць. Мяне могуць спыніць нейкія іншыя рэчы — здароўе альбо нейкі жахлівы форс-мажор. Бо нехта мусіць нешта рабіць. Можа, я не спыню гэтых начных тхароў, не пераламлю ход падзеяў у краіне. Можа, гэтага мала, але я раблю тое, што магу, — гэта мае фільмы і вось такая дзейнасць».