Жыхары Слуцка: Ад візітаў Лукашэнкі адны страты
Візіт кіраўніка краіны ў Слуцк 16 лютага актыўна абмяркоўваўся гараджанамі. Узгадалі і раптоўны рамонт вуліц горада, са скепсісам паставіліся да абяцанняў наладзіць працу цукраварні і дражджавога завода, а таксама павысіць зарабокі настаўнікам.
Карыстальнік з нікам «За справедливость!»:
«Причина гораздо прозаичнее. Большинство членов избирательных комиссий — педагогические работники, и участки расположены в большинстве своем в школах. Моргнуть не успеем — а уже придут парламентские и президентские выборы. Правильно, их проведут только преданные члены комиссии. Им надо поднять зарплату — т.е. дать взятку:)))))))».
«За деревообработку брался, за заводы брался, даже за слуцкий пивзавод брался. Где оно все? Пожалей учителей, или нашим детям совсем безграмотными быть придется», — піша другі каментатар.
Ездзіць на аўтамабілях па гораду на гэтым тыдні было небяспечна праз вялікагрузныя самазвалы і трактары. Работа кіпела паўсюль.
Падобна, што прыезд кіраўніка краіны для слуцкай «вертыкалі» стаўся нечаканасцю, бо горад упарадкоўвалі на працягу некалькіх дзен і нават па начах. Апрача мясцовых камунальшчыкаў чысцілі горад ад снегу і латалі яміны супрацоўнікі ЖКГ з суседніх раёнаў. Ці засталіся жыхары горада задаволены такім ямачным рамонтам
— Нічога добрага ад такога раптоўнага добраўпарадкавання няма, бо асфальт клалі прама ў ваду і гразь, ён жа растане разам з снегам! — абураецца мужчына, які жыве на вуліцы Галавашчанкі. — А пасля будуць гаварыць, што ў іх няма грошай. Вось яны — грошыкі, закапаныя абы-куды. Абрыдла ўсё гэта...
Пенсіянер распавядае, чаму так мала людзей на вуліцах: жыхары былі папярэджаны аб тым, што не трэба швэндацца паблізу камбіната, а дзверы падвальных сутарэнняў на вуліцы Галавашчанкі апячатаны міліцыянтамі. Усе падыходы і пад’езды да цукровага камбінату падчас прыезду кіраўніка дзяржавы былі перакрыты даішнікамі і міліцыянтамі ў цывільным.
— Мой сусед хацеў схадзіць у краму камбіната — яго туды не пусцілі. Дачка патэлефанавала, што на абед не прыйдзе, бо іх не выпускаюць з тэрыторыі завода, а яшчэ адзін сусед дадатковыя паўтары гадзіны прасядзеў у халодным гаражы — туды трапіў да прылёту Лукашэнкі, а назад яго не выпусцілі, — распавёў Мікалай Іванавіч. — Камбінат зараз прастойвае, у большасці не ацяпляецца, дык каб пафарбаваць жалезныя трубы работнікам патрэбна было збіваць з іх лёд.
Невядома, ці стануць на ногі слуцкія заводы пасля асабістага прыезду кіраўніка краіны. А вось жыхарам праблемных вуліц, якія ўжо даўна патрабуюць добраўпарадкавання і асфальтавання, прыйдзецца зноў чакаць, калі ў раённым бюджэце з’явяцца грошы на рамонт.