Васіль Шлындзікаў: Беларусь расплачваецца за свой выбар
Асноўная праблема беларускіх прадпрыемстваў — іх поўная залежнасць ад расійскага рынку, адсутнасць заходніх інвестыцый.
Статыстычныя зводкі гэтага года канстатуюць устойлівае падзенне вытворчасці беларускіх грузавых аўтамабіляў, трактароў, камбайнаў. Прадпрыемствы машынабудавання пераходзяць на
трох-чатырохдзёнку. На думку экс-дырэктара канцэрна «Амкадор» Васіля Шлындзікава, сітуацыя можа толькі пагоршыцца.
— Наш асноўны рынак машынабудаўнічай прадукцыі — гэта Расія, — кажа Васіль Шлындзікаў. — А ў Расіі, і гэта ўсім зразумела, якая сітуацыя — санкцыі, нафта, што таннее, збядненне ўсіх і ўся. «Крымнаш» сыграў
сваю ролю, адыгрывае сваю ролю спроба адхапіць яшчэ кавалак тэрыторыі Украіны, як быццам бы ў Расіі сваёй зямлі мала. А за ўсё трэба плаціць. І за «Крымнаш», і за Данбас. Ну, а
паколькі сілай абставін мы прывязаныя да гэтага рынку, то плаціць трэба і нам. За гэты наш выбар. Таму сітуацыя, на мой погляд, будзе толькі пагаршацца».
— Адна з апошніх тэндэнцый — Беларусь павялічвае экспарт у Расію і пры гэтым нясе сур'ёзныя страты праз
дэвальвацыю расійскага рубля.
— Гэта само сабой. Але тут ёсць і проціяддзе — перайсці на разлікі з Расіяй у доларах. Але ў гэтым выпадку мы можам страціць і
паскораны рынак, бо тым жа расійскім прадпрыемствам долары таксама няма дзе ўзяць. Мяркуючы з прэсы, там ужо праблема з купляй валюты: уводзяцца абмежаванні — у банках няма валюты. А калі так, то мы можам страціць кліентаў. Але, як бы там ні
было, трэба ўлічваць фактар дэвальвацыі пры ўкладанні кантрактаў. З тым, каб неяк засцерагчы сябе.
— Сітуацыю ўскладняе і тое, што заходнія інвестыцыі ў Беларусь
не ідуць.
— Не ідуць і не пойдуць. Бо ў гэтую эканамічную мадэль ні адзін
разважны чалавек на Захадзе не пойдзе. Сюды пойдзе толькі спекулятыўны капітал або той, які набыты няправеднымі метадамі. За кошт той жа нафты, газу, адкатаў і г.д. Мы бачым расійскі капітал з яго
гандлёвымі цэнтрамі. Дзякуй Богу, нам хоць цэнтры пабудуюць.
— Выйсце з сітуацыі?
— Выйсце — мяняць эканамічную і палітычную сістэму ў краіне.
ucpb.org