Украіна папрасіла Беларусь дазволіць транзіт газу з Літвы
Размова ідзе пра пастаўкі газу ва Украіну з СПГ-тэрмінал у Клайпедзе. Бакі дамовіліся правесці кансультацыі.
Украіна папрасіла Беларусь вывучыць магчымасць транзіту па яе тэрыторыі прыроднага газу з Літвы для ўкраінскіх спажыўцоў.
Пра гэта паведамляе УНІАН са спасылкай на кіраўніка упраўлення еўраінтэграцыі Міністэрства энергетыкі і вугальнай прамысловасці Міхаіла Бно-Айрыяна.
«Пытанне вельмі складанае, паколькі ГТС Беларусі належыць «Газпраму». Але ўсё ж звярнуліся да беларускіх сяброў з просьбай вывучыць такую магчымасць», — паведаміў Бно-Айрыян.
Таксама, па словах чыноўніка, бакі дамовіліся правесці кансультацыі і абмеркаваць тэхнічную магчымасць транзіту ўкраінскай электраэнергіі па тэрыторыі Беларусі.
Раней пасол Літвы ва Украіне Марус Януконіс заявіў, што расійскі газавы манапаліст «Газпрам» перашкаджае транзіту газу ва Украіну з літоўскага тэрмінала.